У суботу нашчадкі роду Клімёнкаў збяруцца ў вёсцы Будзішча, што на Вілейшчыне
21 мая ў вёсцы Будзішча Вілейскага раёна збяруцца прадстаўнікі роду Антося і Кацярыны Клімёнкаў. Каб убачыцца адно з адным, пагаварыць, ды ўспомніць сваіх продкаў. Пачатак сустрэчы прызначаны на 10.30.
Пад пушчай
Схаваўшыся за густой сцяной лесу, вёска Будзішча, як і 100 год таму, жыве сваім размераным жыццём. Калісьці гэтае ўрочышча жыхары навакольных вёсак называлі «Пад пушчай». Тут было шмат грыбоў, ягад, ад якіх мясцовае балота здавалася чырвоным, але не было зямлі. Корм для кароў і авечак нарыхтоўвалі ў лесе. Летам там не заставалася ніводнай нявыкашанай палянкі.
Малако мясцовыя гаспадыні перапрацоўвалі на сыр і масла. І ўвесь гэты тавар везлі ў Ілью, дзе было шмат яўрэйскіх крамак. «Мае прабабуля і прадзядуля мелі васьмёра дзяцей, – расказвае маладзечанец Мікалай Апяцёнак, які стаў адным з арганізатараў гэтай сустрэчы. – Грошай, каб купіць які надзел зямлі, не хапала. Вось і вырашылі адправіць сваіх дзяцей у Амерыку, куды ехалі сяляне з усіх навакольных вёсак. У чэрвені 1910 года Аляксандр, Паўліна, Ігнась і мой дзед Волесь, якому было 16 гадоў, адплылі ад родных берагоў».
Эмігранты
Спыніліся ў горадзе Саўт-Рывер (стагоддзе таму трэць тутэйшага насельніцтва складалі беларусы). Працавалі цяжка, на шахтах. Пазней Волесь уладаваўся маляром на прадпрыемства Генры Форда. Служыў ва ўзброеных сілах ЗША, прымаў удзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі сучаснай Францыі, што пацвярджаюць і дакументы.
Волесь Клімёнак
Лягчэй за ўсё было ў мэблевай краме, куды паступіў служыць да свайго земляка адміністратарам. Кліентамі там былі людзі ў асноўным багатыя, якія мелі час пасядзець, пагаманіць, выкурыць трубку. Але ні новыя знаёмыя, ні заможнае, перспектыўнае жыццё не маглі заглушыць тугу па родных мясцінах.
І ў 1932 годзе Волесь прыязджае ў Будзішча. «На той час гэта ўжо была не Расійская імперыя, – кажа Мікалай Апяцёнак, – а тэрыторыя Польшчы. Дзеду ў роднай вёсцы і пры новай уладзе спадабалася, захацелася асесці назаўсёды. Сустрэў тут і сваю будучую жонку, маю бабулю».
Праз год, разлічыўшыся на папярэднім месцы працы і зняўшы з рахунка ў амерыканскім банку пяць тысяч долараў, 39-гадовы Волесь вярнуўся ў Будзішча назаўсёды. І падаўся ў суседнюю вёску да роднай сястры Агаты, муж якой быў спраўным гаспадаром. Былому «амерыканцу» хацелася як мага хутчэй купіць сабе надзел зямлі і пачаць будавацца. Пагаварыўшы з бацькамі, Волесь купіў побач з домам, у якім нарадзіўся, гектар лесу. Дапамаглі сваякі. Талакой яны ператварылі зарослы дрэвам і кустоўем участак ва ўрадлівую зямлю, паставілі дом.
Адваяваная зямля
«У 1934-м у іх з’явіўся першынец Іван, – успамінае Мікалай Апяцёнак. – А праз чатыры гады – мая маці, якую дзед назваў Фаінай. У гонар сваёй амерыканскай знаёмай, якая валодала адмысловымі дзелавымі якасцямі». А пасля ў гісторыі краіны настаў перыяд раскулачвання.
Клімёнка абклалі падаткам, забралі гаспадарчыя пабудовы і паставілі там калгасны статак. Ён не канфліктаваў з уладай і ў той жа час маральна рыхтаваў сябе да таго, што зноў давядзецца пакінуць родныя мясціны. Для таго, каб выслаць іх у Сібір як кулакоў, не хапіла толькі аднаго подпісу. Яго, не пабаяўшыся расправы, не паставіў на сельсавецкім дакуменце сын роднага брата Волеся – Аляксандр. «Бач, падставіў сваю сям’ю, а дзядзьку не выдаў», – шапталіся вяскоўцы. Ведалі, што ў родзе Клімёнкаў умеюць заставацца людзьмі. Пры любых абставінах!
Пасля Вялікай Айчыннай Волесь Клімёнак працаваў сплаўшчыкам лесу. Небяспечную, цяжкую работу, якая прыносіла неблагія грошы, любіў. Ды і дома не сядзеў склаўшы рукі. Заўсёды трымалі з жонкай карову, свіней, садзілі вялікі агарод. Усё на той жа зямлі, «адваяванай» у свой час у лесу.
«Дзед быў паважаным чалавекам у вёсцы, – кажа Мікалай. – Да яго прыходзілі за рознымі парадамі. «Глядзіце, Волесь дрэва рэжа на дровы пад мерку», – смяяліся некаторыя. А праз нейкі час, убачыўшы роўненькую, акуратную паленніцу пад сцяной, і самі пераймалі гэтае «ноу-хау».
Амерыканскія Клімёнкі
«У нашай сям’і ў асноўным нараджаліся дзяўчаты, – працягвае Мікалай. – Таму носьбітаў прозвішча Клімёнак засталося вельмі мала. – Ёсць яны толькі па лініі Аляксандра і Ігнася, што засталіся ў ЗША. Пра новае пакаленне роду мы практычна нічога не ведаем. А вось пра дзядулевых брата і сястру тое-сёе магу расказаць, і нават паказаць фотаздымак з Паўлінінага вяселля, яна ўзяла шлюб з хлопцам родам з-пад Маладзечна.
Вяселле Паўліны ў горадзе Саўт-Рывер
А Ігнась узяў у жонкі эмігрантку з Грэцыі – жылі яны хораша, заможна, нарадзілі дваіх дзяцей. І ў іх, напэўна, таксама ёсць унукі і праўнукі».
Нашчадкі Антося і Кацярыны, што жывуць у Беларусі, чакаюць сустрэчы з амерыканскімі сваякамі. У двары старога, месцамі паточанага шашалем прадзедавага дома яны доўга будуць высвятляць, кім хто каму даводзіцца, блытацца ў сваёй «дваюраднасці-траюраднасці», губляцца ў «пра-пра» і шкадаваць. Што так доўга жылі адно без аднаго…
Па матэрыялах сайта газеты “Мінская праўда”