Тры маладзечанскія сямейныя пары абнавілі сужэнскія абяцанні пасля многіх гадоў шлюбу (ФОТА, ВІДЭА)
Падзея адбылася 19 сакавіка ў касцёле святога Юзафа ў Маладзечне ў час вячэрняга богаслужэння.
Край.бай даведаўся ва ўдзельнікаў падзеі пра іх думкі і пачуцці ў дачыненні да таго, як у сямейным жыцці дапамагаюць вера і абяцанні, дадзеныя Богу.
Генадзь і Алена Наумец, у шлюбе 30 гадоў. Расказвае Генадзь:
– Вырашылі абнавіць абяцанні не таму, што нешта не ладзіцца ў сям’і. Наадварот, з цягам часу такія пачуцці, як павага, цярплівасць, каханне, робяцца больш моцнымі.
З сярэдзіны 1990-х гадоў штогод наведваем Будслаў, молімся Маці Божай Будслаўскай. І наша каханне робіцца ўсё больш моцным.
Цяжка знайсці чалавека, вера якога была б дасканалай. Шлюбныя абяцанні сведчаць, што і ў адносінах патрэбна дасканаласць. У тэксце абнаўлення запісана: яшчэ больш дасканала любіць адзін аднаго, яшчэ больш дасканала шанаваць адзін аднаго, і на гэтыя абяцанні мы адказваем: “Мы хочам”. Канешне, усё ў руках Бога, але хочацца, каб так было.
Абнаўленне шлюбных абяцанняў у Маладзечне адбылося ўпершыню, але мы адразу зразумелі, што мы да яго гатовыя. Хваляванне прысутнічала. Канешне, не такое моцнае, як 30 гадоў назад, калі мы ажаніліся, але зараз з’явіліся новыя пачуцці, якіх не было раней. Бо гэтыя абяцанні не толькі адно аднаму, але і Богу.
У сямейным жыцці моцна дапамагае вера і ўсё, што звязана з гэтым. У 1980-я гады менш было Бога ў жыцці, пакуль не пачаў ездзіць у Будслаў. Усе станоўчыя змены ў жыцці звязваю з гэтым і вельмі спадзяюся, што яны яшчэ будуць.
Як расказаў Генадзь, 25 гадоў ён служыў выратавальнікам. Бачыў шмат гора, слёз, смерці. Але ён удзячны Богу, што той дапамог яму знайсці выйсце з цяжкіх сітуацый, застацца жывым:
– Вера дапамагае і ў сямейным жыцці. Адчуваеш радасць, палёгку ў душы, хочацца жыць. Маю дзвюх дарослых дачок, унучцы не так даўно споўнілася пяць гадоў.
Жыць у шлюбе не столькі цяжка, як адказна. Важна быць тым мужчынам, які не дапусціць разбурэння сям’і, які будзе яе ўмацоўваць. Цяжка выгадаваць, вывучыць дзяцей – гэта вялікая адказнасць. Развод – так быць не павінна, асабліва калі пара дала абяцанні. Гэта няправільна.
Маладым людзям хачу параіць, каб яны менш хваляваліся пра раскошу пад час заключэння шлюбу. У мяне не было шыкоўнага вяселля. Трэба больш увагі звяртаць на адданасць, дабрыню, павагу, цярплівасць адзін да аднаго. Гэта – фундамент нашай сям’і. Галоўная парада – сур’ёзна несці свае абяцанні перад Госпадам Богам.
Як расказаў Генадзь, у час абнаўлення абяцанняў у храме прысутнічалі яго родныя: пляменніца, стрыечная сястра, дзеці, унучка – усе, хто жыве ў Маладзечне. “Цяжка сказаць, калі я хваляваўся больш. Зараз я больш дарослы, мудры, больш усведамляю сэнс абяцанняў. Напэўна, больш хваляваўся зараз. Словы абяцанняў амаль тыя ж. Толькі дабавіўся выраз “яшчэ больш дасканала”. А словы сваіх першых абяцанняў я і зараз памятаю”, – зазначыў ён.
Антон і Алена Вяжэвічы, у шлюбе амаль 32 гады. Расказвае Алена:
– Калі аб’явілі пра абнаўленне абяцанняў, мы вырашылі прыняць удзел у ім: пасля гэтага і ў сям’і, і ў жыцці становіцца лепш.
У час абнаўлення абяцанняў хвалявалася – усё ж гэта Богу дадзеная клятва. Мяркую, гэта дапаможа ў сямейным жыцці. Мне вера ў Бога вельмі дапамагае.
У сям’і трое дзяцей, чацвёра ўнукаў.
Ці цяжка жыць у шлюбе? Цяжка ў любым стане. І ў шлюбе, і без шлюбу трэба працаваць над узаемаадносінамі.
Да разводаў стаўлюся адмоўна – гэта трагедыя.
Маладым хачу параіць, каб праверылі свае адносіны: ці любяць яны адзін аднаго ў душы. Каб праверылі адзін аднаго і памаліліся.
На абнаўленні шлюбных абяцанняў прысутнічаў сын, астатнія сваякі не змаглі.
Больш, калі чэсна, хвалявалася, калі выходзіла замуж. Зараз – не так, але таксама хвалявалася. Словы шлюбных абяцанняў памятаю і зараз, не даслоўна, але памятаю.
Больш фота можна ўбачыць ТУТ.
Відэа з абнаўлення сужэнскіх абяцанняў.
Вольга НЯЎЗОРАВА
Фота і відэа Міхаіла МАРЖЭЎСКАГА