Прэм’ера оперы “Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт” у Маладзечне скончылася авацыяй
Прэм’ера оперы адбылася пры аншлагу 12 снежня ў канцэртнай зале Палаца культуры Маладзечна. Упершыню ў гісторыі беларускага опернага мастацтва ў пастаноўцы выкарыстаны вобраз знакамітага беларускага кампазітара ХІХ стагоддзя Міхала Агінскага.
Край.бай анансаваў гэтую прэм’еру. Фота- і відэарэпартаж з яе можна паглядзець ТУТ.
У шматлікіх фае Палаца культуры, упрыгожаных напярэдадні Каляд, гледачы пачалі збірацца за паўгадзіны да таго, як былі адчынены дзверы вялікай залы. Бавіць час у чаканні дапамагала камерная музыка ў выкананні струннага квартэта. На лесвіцах і ў калідорах Палаца гледачоў сустракалі дзяўчаты ў бальных строях ХІХ стагоддзя.
Навучэнкі Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.-К. Агінскага Крысціна Жывіцкая і Анастасія Пашкевіч, апранутыя ў строі ХІХ стагоддзя, згадзіліся расказаць карэспандэнту Край.бай пра свае эмоцыі перад прэм’ерай.
Крысціна: “Для мяне гэта першая ў жыцці прэм’ера. Зразумела, хвалююся. Гэта вельмі цікава. Шматлікія рэпетыцыі, у час якіх мы вельмі зблізіліся з нашымі выкладчыкамі, павінны дапамагчы выступіць выдатна. Прымаць удзел у такім мерапрыемстве – адказна і хвалююча”.
Анастасія Пашкевіч: «Для нашай прафесіі гэта вельмі карысна. Мы набываем вопыт супрацоўніцтва на сцэне з вялікай колькасцю людзей, і ў той жа час трэба паказаць сваё выканаўчае майстэрства, адпавядаць агульнаму ўзроўню выканання. Прэм’ера чакаецца грандыёзная, бо неўзабаве будзе адзначацца і юбілей Агінскага, 250 гадоў з дня нараджэння, і гэта падзея – знамянальны крок, пачатак такога вялікага святкавання”.
Крысціна: “Спадзяёмся, што опера будзе пастаўлена яшчэ не аднойчы. І вельмі ўдзячныя нашаму хармайстру Веры Каханоўскай, якая працавала з намі”.
Анастасія: “У сцэнах оперы мы выконваем ролю шляхты – гасцей Агінскага, якія прыбылі на баль. Рады за нашага дырэктара Рыгора Сароку, што яму гэта ўдалося – ажыццявіць такую ідэю”.
У якасці рамантычнага героя стваральнікамі оперы абраны вобраз вядомай гістарычнай асобы – кампазітара канца ХVIII – пачатку ХІХ стагоддзя Міхала Клеафаса Агінскага. Опера названа рамантычнай, бо яе карціны і дзеі адпавядаюць традыцыям і законам музычнага мастацтва перыяду рамантызму.
Перад пачаткам оперы ў канцэртнай зале гледачы змаглі ўбачыць занавес, зроблены спецыяльна да прэм’еры, у выглядзе гравюры з выявай сядзібы Агінскага ў Залессі. Многія з гледачоў прыйшлі з кветкамі. Вялікую цікавасць прэм’ера выклікала і ў прэсы. Свабодных месцаў у зале не было.
Пасля таго, як згасла святло, прагучалі першыя апладысменты. Імі гледачы віталі Рыгора Сароку, заняўшага сваё месца дырыжора.
Музыку ўверцюры, у якой чуліся і званы, і конскі галоп, якімі як бы прадказваўся драматычны лёс галоўнага героя, вымушанага з разбітым сэрцам пакінуць сваю радзіму назаўседы, змяніла карціна шляхецкага балю ў маёнтку Агінскіх у Залессі.
У першай карціне оперы перададзена атмасфера шляхецкага балю, поўнага музыкі, танцаў, заляцанняў, шляхецкага гонару і розных нечаканых падзей. Тут бальныя танцы – мазуркі, паланэзы, вальсы – чаргуюцца з хорам гасцей, якія ўслаўляюць ліцвінскую гасціннасць, гаспадароў маёнтка, сам баль, зямлю бацькоў.
Але “неспадзяванка”, якую Агінскі абяцаў гасцям, затрымліваецца. Госці, сярод якіх і пляменнік Агінскага Юзэф Лубенскі, нагадваюць пра абяцанне. “Цярпець не для ліцвінскае пароды”, – сцвярждае Юзэф, і тады Агінскі прадстаўляе гасцям запрошаную ім з Італіі спявачку Катрыну Боні. Госці ўражаныя, а сам Юзэф зачараваны яе голасам. Баль працягваецца, Катрынай захоплены і сам Агінскі.
А між тым жонка Агінскага Марыя запрашае мастака Яна Шыманскага напісаць партрэт гаспадара маёнтка. Закаханая ў мастака, яна ў той жа час прапаноўвае Юзэфу заляцацца да Катрыны. Пляменнік згаджаецца: «Паглядзім, дзядзька, хто з нас шляхетней».
Першая карціна оперы скончылася першай у час прэм’еры авацыяй.
Спроба напісаць партрэт, якой прысвечана другая карціна оперы, размовы гаспадара з мастаком прыводзяць да таго, што Агінскі акунаецца ў роздум аб сваім жыцці, у якім былі і дзяржаўная дзейнасць, і ўдзел у няўдалым паўстанні Касцюшкі, а таксама страта надзеі аднавіць Вялікае княства Літоўскае. Ёсць няпэўная будучыня. Да таго ж Міхал становіцца сведкам шматлікіх сцэн, якія расчароўваюць яго ў набліжаных да яго людзях.
Канфлікт мары і рэчаіснасці прыводзіць яго да адзіноты.
Трэцюю карціну оперы пачынае сцэна, у якой Агінскі ў роздуме сядзіць на лаўцы, чакае Катрыну, якая быццам бы адна разумее яго і яго перажыванні. Народная песня “Не кукуй, зязюля” ці то гучыць у думках князя, ці то яе спяваюць парабчанкі, калі вяртаюцца з работы, прыводзіць Агінскага да думкі пакінуць радзіму. Сцэна з удзелам Марыі і мастака, якія з’яўляюцца ў парку, тузаючы сурдут, што насіў Агінскі ў час паўстання Касцюшкі, толькі запэўнівае галоўнага героя ў прынятым ім рашэнні.
Вынік канфлікту характараў і пачуццяў, што ўзніклі ў час дзеяння оперы, знаходзіць адлюстраванне ў апошняй карціне. Агінскі быццам страчвае ўсё: давер да жонкі, сяброўства пляменніка, Катрыну, якая спачатку становіцца ахвярай навальніцы, а потым яе выклікае да двара імператар, і нават сам сэнс жыцця. Вырашае канфлікт з’яўленне царскага фельд’егера, які прыносіць найвышэйшы дазвол на выезд князя за межы Расійскай імперыі.
Міхал Клеафас Агінскі назаўсёды пакідае Радзіму.
Прэм’ера скончылася авацыяй, якая трымалася 10 хвілін, і крыкамі “Брава!”. Няспынная авацыя і ўзрушаныя крыкі гучалі і ў той час, калі на сцэну выходзілі ўдзельнікі і стваральнікі пастаноўкі. Публіка стоячы вітала салістаў і творчыя калектывы, якія прымалі ўдзел у пастаноўцы: рэжысёра-пастаноўшчыка і аўтара лібрэта Сяргея Макарэя, кампазітара Алега Залётнева, мастака-пастаноўшчыка Вольгу Грыцаеву, музычнага кіраўніка оперы і дырыжора Рыгора Сароку...
Гледачы і артысты пакідалі Палац культуры з узнёслым настроем і ўсмешкамі на тварах.
Вольга НЯЎЗОРАВА