Опубликовано: 26 мая 2014, 23:11
43

«Ноч музеяў» у Мядзеле паказала культуру і гісторыю шасці краін (ФОТА)

У Мядзеле «Ноч музеяў» адбылася ўжо другі раз. Калі ў мінулым годзе асноўнай тэмай мерапрыемства стаў савецкі час, то цяпер супрацоўнікі музея Народнай славы падрыхтавалі іншую праграму: “У азёрным краі, на адной зямлі”.

Як піша 24 мая «Нарачанская зара», упершыню “Ноч музеяў” была праведзена ў Берліне ў 1997 годзе. Затым гэта дата стала адзначацца і ў многіх іншых краінах свету. У Беларусі “Ноч музеяў” таксама ўвайшла ў календары гарадскіх святаў.

Свята пачалося ў восем гадзін вечара на вуліцы каля ўваходу ў музей. Вядучыя прывіталіся з гасцямі словамі “Добры дзень” на розных мовах. Некалькі песень выканаў самадзейны гурт “Краяны”, які прыехаў з Маладзечна.

Удзельнікі самадзейнага гурта “Краяны” з Маладзечна

Изображение 2

Адразу пасля ўступнай часткі ўсіх запрасілі ў будынак музея. Там іх чакалі конкурсы, віктарыны, танцы, песні, нацыянальныя стравы.

У першай зале можна было акунуцца ў атмасферу “рускай хаты” з саматканымі хусцінкамі і пакрываламі, велічнымі пеўнямі. На парозе “хаты” гасцей сустракалі галоўныя персанажы рускіх казак Забавушка (Таццяна Пісарчык) і Мядзведзюшка (Андрэй Красоўскі).

Спачатку Забавушка расказала пра гісторыю Расіі і яе народ. Вось і гасцям прапанавалі крыху ўспомніць гісторыю краіны і адгадаць загадкі. Дзецям задалі пытанні з рускіх народных казак, а дарослым – пра багатыроў. А затым Мядзведзюшка паказаў некалькі практыкаванняў, якія дэманструюць сілу і магутнасць добрых малайцоў. Усе госці дружна паўтарылі іх. Забавушка раздала жартоўныя інструменты, і наведвальнікі, атрымаўшы лыжкі, бубны, дудкі, зайгралі вясёлую мелодыю. Артысты з Маладзечна выканалі яшчэ некалькі песень пра матухну-Расію. Гледачы тым часам завялі карагод.

Так забаўляліся ў рускай зале

Изображение 3

Затым усе сабраліся ў татарскай зале. Вядучыя, апранутыя ў нацыянальныя касцюмы, расказалі гісторыю народа, а таксама пра тых, хто жыў на тэрыторыі Беларусі і, менавіта, на Мядзельшчыне. У даўнія часы, каб узвесці мячэць, трэба было адпраўляць прашэнне губернатару ці нават самому цару. Татарскую мячэць у Мядзеле пабудавалі ў 1840 годзе. Мяркуюць, што першыя татары ў азёрным краі пасяліліся ў вёсках Баяры і Няверы. Сёння ў раёне пражывае 38 чалавек татарскай нацыянальнасці. Адметна тое, што гэты народ падарыў Мядзельшчыне паэта Адама Гурыновіча.

Пасля расказу наведвальнікам установы прапанавалі стаць у кола і пагуляць. Дзеці і дарослыя пад музыку перадавалі адзін аднаму падушачку. Той, на кім спынялася песня, павінен быў адгадаць прымаўку. Вядучая Ганна Казакевіч называла яе на татарскай мове, а праіграўшы гаварыў аналагічную на рускай.

Трэцяя зала – літоўская. Пры ўваходзе ў яе адразу кідалася ў вочы фотавыстава, якая адлюстроўвае жыццё вёскі Гервяты – своеасаблівага астраўка літоўскай культуры. Вядома, што большасць літоўцаў на Беларусі пражывае менавіта ў Гродзенскай вобласці. На тэрыторыі нашай краіны ёсць дзве школы, якія знаходзяцца ў Астравецкім раёне, дзе вучэбная праграма вядзецца на літоўскай мове. Малышоў у дзіцячым садзе таксама вучаць размаўляць па-літоўску. У БДПУ імя М. Танка літоўская мова вывучаецца як другая дадатковая спецыяльнасць.

Кожная краіна мае знакамітых дзеячаў мастацтва і культуры. Літва не выключэнне. Як правіла, найбольш вядомымі для ўсіх з’яўляюцца артысты эстрады і кіно, а таксама спартсмены. Вось вядучыя і прапанавалі гасцям цікавую віктарыну “Хто ёсць хто”. Пасля дзеці і дарослыя развучылі адзін з літоўскіх танцаў.

Стравы нацыянальных кухань прапаноўвалі Анастасія Амельяновіч і Анастасія Багалюбская

Изображение 4

Затым наведвальнікі музея “пабывалі” ва Украіне, паўднёвай суседцы Беларусі. Яны пазнаёміліся з выставай, прысвечанай украінскаму паэту, мастаку і нацыянальнаму герою Тарасу Шаўчэнку. Гурт “Краяны” выканаў некалькі ўкраінскіх песень. Прагучалі і байкі на ўкраінскай мове. Супрацоўнікі музея падрыхтавалі сюрпрыз – караоке. Кожны жадаючы мог праспяваць песню на роднай або замежнай мове. Лепшае выкананне заахвочвалася сувенірам. Самымі актыўнымі аказаліся Анастасія Курніцкая і Ксенія Роўда, якія праспявалі “Ты ж мяне підманула”.

Наступны прыпынак зрабілі ў “яўрэйскай хаце”. Вядучыя нагадалі гісторыю гэтага народа. Зацікавіў многіх расказ пра нараджэнне дзіцяці. Не менш цікавым абрадам у яўрэяў з’яўляецца жаніцьба. Удзельнікаў мерапрыемства пазнаёмілі з нацыянальнай вопраткай, паказалі, як выглядае мужчынскі галаўны ўбор ярмолка.

У яўрэяў таксама нямала святаў. Адно з галоўных – Шабат. Яно пачынаецца ў пятніцу з заходам сонца і працягваецца да ўзыходу яго ў суботу. У першы дзень уся сям’я абавязкова наведвае сінагогу – іудэйскі храм, пасля чаго садзіцца за святочны стол.

Падарункам для прысутных стала яўрэйская песня, якую выканаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Гардон. Ён расказаў пра сваю сям’ю, а таксама пра некаторыя цікавыя гістарычныя факты. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны на Мядзельшчыне налічвалася 65 яўрэйскіх сем’яў. Пасля расправы фашыстаў з насельніцтвам засталося прыкладна 150 яўрэяў. Частка іх тады пайшла ў партызаны, іншым пашанцавала пераправіцца праз лінію фронту. Міхаіл Гершэнавіч расказаў, што да вайны наведваў яўрэйскую школу, якая называлася хедар. Ён і цяпер памятае родную мову, а таксама ўмее пісаць і чытаць на ёй.

Апошнім месцам для святкавання стала беларуская зала, зробленая на падабенства “беларускай хаты”. Гасцей пасадзілі за драўляны стол, пачаставалі дранікамі, булкамі. Усе з задавальненнем пакаштавалі стравы нацыянальнай беларускай кухні і выпілі па кубачку гарачага чаю з самавара.

У беларускай зале

Изображение 5

Удзельнікі мастацкай самадзейнасці райцэнтра разыгралі гумарыстычную сцэнку з п’есы “Паўлінка” Янкі Купалы, калі пан Быкоўскі (ролю выканаў Аляксандр Быкаў) прыйшоў сватацца да Паўлінкі (ролю выканала Ірына Цыгельнікава). Пасля ўсе дружна завялі карагод.

На гэтым мерапрыемства не закончылася. Жадаючыя маглі зноў прайсціся па залах, пазнаёміцца з адметнымі рысамі культуры народаў розных нацыянальнасцей.

Паводле «Нарачанскай зары»

Читайте также

Доктор Ядвига Войцеховская: «Футболисты знают друг друга и травм стараются не наносить». 11 мини-футбольный тур состоялся в Молодечно
В Молодечно на паркете зала игровых видов спорта Ледового дворца 15 декабря прошел 11 тур открытого чемпионата города по мини-футболу. В центральном матче тура вилейская «Мехатроника» выиграла у «Молодечногаза» со счетом 2:0.
Крыша бани сгорела ночью в Поставском районе
В деревне Муляры Поставского района сегодня ночью, 20 декабря, горела баня на частном подворье. Крыши больше нет. 55-летняя хозяйка находилась дома и не пострадала.
«Лес растет независимо от доллара». На региональной ярмарке узнали, что елки в Молодечно не дорожают третий год, и глянули, чем еще торговали
В Молодечно на пешеходной улице Притыцкого 21 декабря прошла региональная Рождественская ярмарка. Молодечненский лесхоз продавал елки по цене трехлетней давности, Голиб торговал пятирублевым шашлыком и пловом, а продавец меда Олег сетовал, что ярмарке не хватило рекламы.