На імшу ў гонар ксяндза Уладзіслава Чарняўскага ў Вішнева прыехалі вернікі з Маладзечна, Смаргоні і Ашмянаў (ФОТА)
24 студзеня ў вішнеўскім касцёле святой Дзевы Марыі прайшла святочная імша ў гонар Уладзіслава Чарняўскага, якую правёў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч.
Па розных звестках ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі нарадзіўся 16 студзеня 1914 года (паводле кнігі “Памяць. Валожынскі раён”) альбо ў 1916 годзе (з іншых крыніц). Таму вырашылі наладзіць пачатак стогадовых святкаванняў сёлета і адлік пачаць з 24 студзеня. З такой ініцыяцывай выступіў мінскі ксёндз Уладзіслаў Завальнюк.
Шмат вернікаў сабралася на святой імшы. Яны прыехалі не толькі з Валожына, Маладзечна і навакольных вёсак сельсавета, але і са Смаргоні, Ашмянаў. Адзначыць такую падзею з жыхарамі Вішнева прыехалі таксама сваякі ксяндза. Многія з прысутных хрысціліся і бралі шлюб у гэтым храме, распісаным фрэскамі іншага вядомага земляка – мастака Фердынанда Рушчыца. Тут спавядаліся, адпявалі сваіх родных. Святар Уладзіслаў Чарняўскі – знакавая фігура не толькі для мясцовых католікаў, але і для вернікаў усёй Беларусі.
На богаслужэнне прыехалі і ксяндзы з іншых парафій. Двух з іх некалі хрысціў і прывёў у веру ксёндз Уладзіслаў.
У касцёле гучалі рэлігійныя песні, напісаныя мясцовай арганісткай Марыяй Трапашкай, у выкананні касцельнага хору. Спявалі і госці – хор Чырвонага касцёла з Мінска.
Ад імя парафіян падзякавала Тадэвушу Кандрусевічу за шчырыя словы ў гонар Уладзіслава Чарняўскага, за святую імшу Марыя Аляшкевіч.
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч
Пасля набажэнства свята працягвалася ў мясцовым Доме культуры, глядзельная зала якога ў той дзень з цяжкасцю ўмясціла ўсіх ахвотных.
У фае Дома культуры мясцовыя культработнікі арганізавалі фотавыставу “Жыццёвы шлях Уладзіслава Чарняўскага”. Былі прадстаўлены таксама запісныя кніжкі Уладзіслава Чарняўскага і царкоўныя кнігі, якімі ён карыстаўся. Такім чынам быў пакладзены пачатак музейнай экспазіцыі. Менавіта такая ідэя вітала ў паветры. Некаторыя з прысутных мелі пры сабе фотаздымкі ксяндза Чарняўскага з асабістых архіваў і гатовы былі перадаць іх у будучы музей.
Святочнае мерпрыемства “У памяці навекі” падрыхтавалі настаўнікі і вучні Вішнеўскага вучэбна-педагагічнага комплекса дзіцячы сад-сярэдняя школа. У імпрэзе ўдзельнічалі хор з Чырвонага касцёла і хор Багданаўскага касцёла.
Як адзначыла ў сваім выступленні дырэктар школы Ала Клімкова, навучальная ўстанова працуе над творчым праектам “Гонар і пашана нашым землякам”. Адна са старонак праекта – лёс ксяндза Уладзіслава Чарняўскага.
Амаль 60 гадоў ён быў верны свайму сану. У гады ваяўнічага атэізму, калі зачыняліся цэрквы і касцёлы, руйнаваліся культавыя збудаванні, касцёл у Вішневе працаваў і яднаў вернікаў наваколля. У 1967 годзе Уладзіслаў Чарняўскі дабіўся аўдыенцыі ў самога Папы Рымскага, за тры месяцы здолеў аформіць дакументы і паехаў цягніком у Рым.
Просты перыферыйны святар Уладзіслаў Чарняўскі дабіўся папскага блаславення на тое, каб весці богаслужэнні па-беларуску.
Шмат гадоў жыцця ён аддаў перакладу на беларускую мову Бібліі і катэхізізу. Доўгія гады, асабліва ў часы атэізму, быў адзіным святаром на Беларусі, хто вёў службу на роднай мове. А цяпер у яго шмат паслядоўнікаў.
У той дзень шмат добрых слоў-успамінаў прагучала ад ксяндза-магістра Уладзіслава Завальнюка, які даглядаў вішнеўскага святара да смерці, ад святара архімандрыта Сяргея Гаека, ксяндзоў Ігара Лашука, іншых гасцей.
Цікава было паслухаць і мясцовую жыхарку Марыю Трапашку, якая напісала шмат песень на словы Уладзіслава Чарняўскага, падрыхтавала да друку яго зборнік. Магчыма, з часам знойдуцца сродкі на яго выданне.
Больш за 30 гадоў быў знаёмы з Чарняўскім і беларускі пісьменнік, літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч з Ракава, які ў вішнеўскім касцёле браў шлюб.
Падвёў вынік свята мясцовы святар Юзаф Мяльдзюк, які не быў асабіста знаёмы з ксяндзом Уладзіславам, але працягвае яго справу.
Напрыканцы прысутныя мелі магчымасць паглядзець дакументальную стужку “И о чем-то другом…” рэжысёра Уладзіміра Арлова аб Вішневе і вішнеўцах, аб нашай рэчаіснасці. Дарэчы, рэжысёр таксама прысутнічаў на святочнай імпрэзе.
Наталля ШТЭЙНЕР
Фота аўтара і Алены ЗБІРЭНКІ