Опубликовано: 21 августа 2014, 10:00
32

«Дзякуй за мову, пацан!» – як рэагуюць пакупнікі на беларускамоўнага супрацоўніка McDonald's з Маладзечна

Ігар Ліштван – студэнт БДЭУ. Жыве ў Маладзечне. Мінулай восенню ён уладкаваўся на працу ў МакДональдс у Мінску. Гэтая тыповая гісторыя пошуку падзаробкаў мае пікантнасць – Ігар ужо працяглы час паўсюль размаўляе па-беларуску.

Хлопец не адмовіўся ад свайго прынцыпу і на працы, дзе камунікуе з тысячамі людзей, якія праходзяць праз Макдак на Кастрычніцкай. Інфармацыйны рэсурс Generation.by наведаў студэнта на яго працоўным месцы.

Изображение 3 

Летнім ранкам а 7-й праспект Незалежнасці яшчэ зусім пусты. Горад снедае і рыхтуецца да новага дня. Некалькі постацей ужо чакаюць свой чызбургер. Дарэчы, з ранку тут даволі міла і чэргі не выклікаюць жадання збегчы. Да таго ж з-за касы часам можна пачуць гучнае і прыгожае: «Добры дзень! Чаго жадаеце? Вашая рэшта. Заходзьце яшчэ!»

Ігар распавядае, што ўсе яго калегі ў рэстарацыі добразычліва ставяцца да беларускамоўнасці, хаця і не ўсе яе добра разумеюць. Напрыклад, наша спроба зрабіць замову на іншай касе натыкаецца на вінаватае: «Ой, што-што, марозіва? Я просто русский…»

«Той хлопец і праўда не разумее беларускую, і я з ім па-руску размаўляю, ён узбек увогуле», – тлумачыць Ігар.

Изображение 1 

«У цэнтры ўладкавання ніякіх дадатковых пытанняў мая беларускамоўнасць не выклікала, асноўная рэакцыя была «ОК, ОК, будзем працаваць». Ужо непасрэдна на сумоўі толькі перапыталі, як я рэагую на тое, што ўсе вакол гавораць па-руску, і ці быў ціск на мяне з-за мовы які-небудзь».

У калектыве ж цалкам пазітыўна ставяцца да выбару Ігара, усім падабаецца.

«Бэйдж хіба давялося друкаваць уласнаручна, бо менеджар не ведала, як беларускую раскладку клавіятуры паставіць», – з усмешкай прыгадвае хлопец.

Изображение 4 

Пакупнікі гавораць сціплае «дзякуй»

Ігар выдзяляе сярод спажыўцоў фастфуду некалькі катэгорый паводле іх стаўлення да беларускай мовы.

«Па-першае, тыя, каму абыякава. Па-беларуску? Добра, пайду паем».

Ёсць людзі, якія станоўча ставяцца. Некаторыя спачатку па-руску замаўляюць, а калі чуюць беларускую мову, трошку сумняваюцца, але пераконваюцца, што гэта сапраўды так, і тады ў канцы гавораць сціплае «дзякуй»!

Ёсць людзі, якія адмыслова дзякуюць за мову. Літаральна вось заўчора (19 жніўня) адзін хлопец сказаў Ігару: «Дзякуй за мову, пацан!»

«І ёсць такая зусім маленечкая катэгорыя, літаральна некалькі разоў сустракаліся, што проста ў штыкі ўспрымаюць: «Со мной по-о-ру-у-сски». Я кажу: "ОК", але калі працягваюцца наезды, то прынцыпова размаўляю па-беларуску».

«Была таксама цікавая гісторыя падчас Чэмпіянату свету па хакеі. Я адзін з нямногіх, хто мог абслугоўваць па-ангельску. Прымаў замову замежніка, а ён, відаць, перад гэтым чуў, што я па-беларуску размаўляю, і напрыканцы сказаў мне беларускае «Дзякуй!» Ад сваіх не заўжды пачуеш, а тут замежнік!»

Google Translate і Рок-Маладзечна

18-гадовы Ігар Ліштван жыве ў Маладзечне, таму па дарозе на працу штодня праводзіць каля чатырох гадзін у цягніку. Будучы адмысловец па менеджменце і кіраванні на прамысловасці добра памятае дзень, калі вырашыў паўсюль размаўляць па-беларуску.

«Усё пачалося даўно-даўно. У 8-й класе ў мяне змянілася настаўніца па беларускай мове. Да яе нельга было прыйсці непадрыхтаваным. Тым больш калі ты яшчэ такі зацюканы школьнік і асцерагаешся настаўнікаў. Хоць дагэтуль я абыякава ставіўся да мовы – што ёсць, што няма – мне не было розніцы. А тут хочаш не хочаш – пачаў яе вучыць. Паралельна ішла іншая гісторыя. Быў сябар, які таксама пачаў вучыць мову. З цягам часу нас гэта захапіла.

Знайшоў спосаб вывучыць асноўны мінімум беларускі: заходзіў у «Кантакт», адкрываў дыялог, другая ўкладка Google Translate, і панеслася.

Пазней мы неяк дамовіліся, каб па-беларуску размаўляць паўсюль. Але праз нейкі час зламаўся мой сябар, а недзе праз месяц і я. Асноўны фактар, чаму зламаўся, – гэта таму, што вакол – адна руская мова. Ну і спачатку самому цяжка было размаўляць».

Наступнай прыступкай да беларускай мовы стаў фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна. Рок», на які Ігар патрапіў выпадкова. На канцэрце, дзе гучалі Drum Ecstasy, ZM-99, «J:Морс», «Стары Ольса» і «У нескладовае», Ігара ўразіла беларуская музыка.

«На другі дзень пасля канцэрта паехалі ў вёску. Трэба было касіць. Я – на адным канцы поля, брат – на другім, у абодвух навушнікі на вушах ды слухаем беларускую музыку адную і тую ж. Атмасферненька так было».

«Пазней я пазнаёміўся з дзяўчынай з іншага горада, і з ёй мы толькі па-беларуску размаўлялі. І такі настрой станавіўся добры пасля размоў на беларускай мове. Што пасля, калі прыходзіў, да прыкладу, у краму і мусіў сказаць: «А дайте, пожалуйста, это и это», – неяк брыдка рабілася.

Ну і вось, у канцы чэрвеня 2012 года сядзеў сабе, настрой сумны і падумаў: «Усё, заўтра пачынаю!» І вось як пачаў, так і дагэтуль размаўляю».

Изображение 2 

Ва ўніверсітэце ўсе іспыты, кантрольныя і залікі Ігар здае па-беларуску. Некаторым выкладчыкам гэта даспадобы – можна нават лішні бал атрымаць. Але ёсць і тыя, што чапляюцца, дакалупваюцца, на думку Ігара, больш з-за мовы. Аднагрупнікі ўспрымаюць пазітыўна альбо нейтральна.

«Бацькі спачатку сказалі: «Размаўляй з намі па-руску». ОК, я размаўляў. Але неяк яны пачулі, што я гаварыў са сваім дэканам па-беларуску: «Ого! А што – ты ўвогуле з усімі па-беларуску размаўляеш?». Кажу: «Мам, я ўжо год размаўляю з усімі-ўсімі па-беларуску, акрамя вас». Матуля здзівілася вельмі і сказала з усмешкай: «Ладна, можаш і з намі таксама». Цяпер бацькі вельмі цёпла ставіцца да маёй беларускамоўнасці і любяць пытацца некаторыя словы. Асабліва цешацца са слова "лецішча"».

Па матэрыялах Generation.by

Читайте также

Шестилетняя Вика на подтанцовке и четыре разгрома в пяти играх – 12-й мини-футбольный тур состоялся в Молодечно
Три команды из первой пятерки в таблице открытого чемпионата Молодечно по мини-футболу 22 декабря в 12 туре разгромили своих соперников. Еще два лидера встречались между собой. «Импульс» одержал волевую победу над «Клубом болельщиков ФК «Молодечно» со счетом 4:2.
Узнали в ГАИ, когда ограничат движение на улицах в Молодечно
В отделе ГАИ Молодечненского РОВД рассказали об ограничении движения в период проведения Рождества и Нового года.
Дом загорелся у 79-летней бабушки в Ошмянском районе – она растерялась и позвонила дочери
В деревне Загорняты Ошмянского района перед обедом 25 декабря горел жилой дом, в котором живет 79-летняя бабушка. Хозяйка почувствовала запах дыма и позвонила своей дочери.