Для замчышча старажытнага Лагойска X—XV стагоддзяў распрацуюць праект зон аховы
У рамках праграмы «Замкі Беларусі» добраўпарадкуюць таксама тэрыторыю гарадзішчаў ў Маладзечне і ў весцы Гарадок Маладзечанскага раена. Навядуць парадак і на гарадзішчы ў Мядзелі.
Упершыню на ўрадавым узроўні прынята Дзяржаўная праграма «Замкі Беларусі» на 2012—2018 гады, распрацаваная Міністэрствам культуры. Мэта яе — не страціць тую архітэктурную і археалагічную спадчыну, якая засталася на Беларусі, паведамляе 12 сакавіка сайт «Мінскай праўды».
У розныя часы на тэрыторыі Беларусі, згодна з матэрыяламі даследчыкаў, налічвалася не менш за 150 замкаў. Вядома, да нашага часу цалкам захаваліся не ўсе. Для параўнання: новай дзяржпраграмай прадугледжана правядзенне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ толькі на 38 аб’ектах. Запланавана рэстаўрацыя, рэканструкцыя і прыстасаванне да сацыяльна-культурных патрэб часу 7 помнікаў архітэктуры — Старога замка ў Гродне, Лідскага і Любчанскага замкаў, завяршэнне работ на Камянецкай вежы, добраўпарадкаванне паркаў каля замкавага комплексу ў Міры, а таксама каля палацава-паркавага ансамбля ў Нясвіжы.
Яшчэ на сямі аб’ектах плануецца правядзенне кансервацыі рэшткаў былых замкаў з частковай рэстаўрацыяй — на Навагрудскім, Крэўскім, Гальшанскім, рэшткаў замкаў у Геранёнах Іўеўскага раёна, Смалянах Аршанскага раёна, Быхаве, пасёлку Тэльман Брагінскага раёна.
На жаль, большасць замкаў змяніліся да непазнавальнасці — зараз гэта толькі фрагменты ці рэшткі, якія знаходзяцца ў нездавальняючым стане. Праграмай прадугледжана добраўпарадкаванне і такіх аб’ектаў, тэрыторыі 19 помнікаў археалогіі, на якіх некалі размяшчаліся замкі.
Як паведамілі ва ўпраўленні культуры Мінаблвыканкама, 6 з іх знаходзяцца на тэрыторыі Міншчыны. Так, замчышча XII—XIV стагоддзяў у Барысаве чакае распрацоўка праекта зон аховы і добраўпарадкаванне тэрыторыі. Добраўпарадкуюць і тэрыторыю гарадзішча XV—XIX стагоддзяў у Маладзечне. Мяркуецца, што ўздоўж ракі Уша з’явіцца стаянка для аўтатранспарту. У вёсцы Гарадок Маладзечанскага раёна, на левым беразе ракі Бярэзіна, добраўпарадкуюць тэрыторыю гарадзішча XIV—XVII стагоддзяў, установяць агароджы з абуладкаваннем падыходу і пляцоўкі для агляду. Навядуць парадак і на гарадзішчы Вала (другая палова X—XI стагоддзе) у Заслаўі Мінскага раёна, гарадзішчы (X—XIII, XVI—XVIII стагоддзі) у Мядзелі і Слуцку (IX—XIII стагоддзі). Для гарадзішча (замчышча) старажытнага Лагойска X—XV стагоддзяў распрацуюць праект зон аховы, а таксама добраўпарадкуюць тэрыторыю.
У праграме і работы па музеефікацыі на 5 помніках археалогіі — гарадзішчы ў Тураве і Мілаградзе Рэчыцкага раёна, замчышчы ў Глуску і Рыжкавічах Шклоўскага раёна, а таксама ў Мінску.