Cерыю паштовак “Вялікдзень з беларускай паэзіяй” можна ўбачыць у касцёлах Маладзечна і Астраўца
18 розных тыпаў малафарматных і шырокафарматных віншавальных паштовак аздоблены цытатамі з беларускіх вершаў, прысвечаных велікоднай тэматыцы.
Як паведаміў Край.бай галоўны рэдактар інтэрнэт-старонкі Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз Юрый Жагарын, у стварэнні серыі прымалі ўдзел 30 дызайнераў, графікаў і мастакоў з усёй Беларусі.
“Серыя паштовак, прысвечаных велікоднай тэматыцы ў творах класікаў беларускай паэзіі, была прадстаўлена падчас літаратурнай вечарыны-прэзентацыі 2 сакавіка ў зале імя Яна Паўла ІІ Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі, – дадаў ён. – У час вечарыны свае вершы прачытала паэтэса Данута Бічэль. Удзельнікі вечарыны маглі таксама ўбачыць выставу паштовак з калекцыі Гродзенскага музея гісторыі рэлігіі”.
Суразмоўца зазначыў, што прэзентацыя паказала вялікі духоўны ўзровень творчасці беларускіх пісьменнікаў. “Мы вырашылі з надыходам посту засяродзіцца на тым, што беларуская паэзія вельмі духоўная. Для беларускай літаратуры і паэзіі хрысціянская тэматыка была асабліва блізкая. Здаецца, у супольнасці вернікаў на гэта мала звяртаецца ўвагі”, – лічыць ён.
Юрый Жагарын удакладніў, што паштоўкі незвычайныя: «Для кожнага паэтычнага фрагмента быў прыдуманы візуальны вобраз, які мае нацыянальны каларыт. Кожны, хто бярэ паштоўку ў рукі, не зразумее яе да канца, пакуль не прачытае верш. Часам малюнкі вельмі простыя, але, калі прыгледзецца і прачытаць, разумеецца глыбіня».
У серыю ўвайшлі 18 розных тыпаў малафарматных і шырокафарматных паштовак. «Адпраўляючы такія паштоўкі, вернікі могуць паказаць багацце беларускай паэзіі. У іх гучаць велікодныя матывы, ёсць над чым задумацца. Паэзія адлюстроўвае душу народа, таму тут можна ўбачыць, як велікодныя традыцыі праяўляюцца ў беларускай культуры», – лічыць ксёндз.
Па яго словах, знайсці паштоўкі можна ў многіх касцёлах Гродзенскай дыяцэзіі. Акрамя таго, зараз у Чырвоным касцёле ў Мінску працуе выстава паштовак: у павялічаным выглядзе, па-мастацку аформленыя, каб можна было ўбачыць дэталі. Паштоўкі ўжо выстаўляліся ў іншых касцёлах: у кафедральных саборах Гродна, Ліды. Плануецца, што да Вялікадня выставу ўбачаць вернікі іншых касцёлаў, а перад самым святам выстава размесціцца ў музеі гісторыі рэлігіі ў Гродна. Падчас выстаў валанцёры і стваральнікі серыі віншавальных паштовак робяць кароткую экскурсію.
У гэтай акцыі, як зазначыў ксёндз Юрый Жыгарын, удзельнічаюць касцёл святых Касмы і Даміяна ў Астраўцы і касцёл Святога Казіміра ў Маладзечне (дзе паштоўкі можна набыць ці атрымаць дарам). «Ці будзе працяг? Пакуль што канкрэтных планаў няма. Ёсць ініцыятывы. Як яны ўвасобяцца, будзе вядома пазней», – зазначыў суразмоўца.
Вольга НЯЎЗОРАВА