23 сакавіка на Маладзечаншчыне гукалі вясну карагодамі і спевамі (фота і відэа)
Вось ужо трэці год запар у Вязынцы студэнцкае этнаграфічнае таварыства «СэТ» разам з Літаратурным музеем Янкі Купалы праводзіць веснавы абрад «Гуканне вясны».
Кraj.by анансаваў мерапрыемства.
Ахвотных павадзіць карагоды, пагуляць у традыцыйныя абрадавыя гульні, пагушкацца на арэлях і пакаштаваць розныя прысмакі сабралася шмат. Сярод гасцей былі і замежнікі: расіяне, немцы і нават беларускамоўныя студэнты-кітайцы.
Сярод музыкаў у святкаванні прымалі ўдзел гурты: "Паўночная Сухадроўка", "Княжыч", "Варган", "Горынь", "Guda", "Кудмень", Dainava, капэла "На Таку", клуб традыцыйнага танца Sita, музыкі Дзяніс Сухі, Стась Чавус, Раман Яраш, Яўген Барышнікаў.
Святкаванне пачалося з веснавых спеваў-гуканняў, пасля якіх усе ўдзельнікі, узяўшыся за рукі, пачалі вадзіць карагод. Як адзначылі арганізатары: "Мы не падзяляем сябе на гледачоў і выступоўцаў". Таму кожны ахвотны мог наўпрост далучыцца да спеваў альбо гульняў.
Пасля вялікага веснавога карагоду моладзь распачала гульні-танцы: "Шуляк" і "Удавец". Працаваў таксама невялічкі кірмаш, дзе можна было набыць розныя цікавосткі.
Святкаванне, як і летась, прайшло на некалькіх пляцоўках.
Больш фота можна паглядзець ТУТ.
Сяргей ЛЕСКЕЦЬ
Фота і відэа аўтара