Паланэз, жмуркі і цукровіна – Маладзечанскі музычны каледж акунецца ў эпоху баляў ХІХ стагоддзя
Моладзевы шляхецкі баль пройдзе ў Маладзечанскім музычным каледжы імя М.-К.Агінскага ў сераду, 2 сакавіка. Навучэнцы каледжа акунуцца ў эпоху ХVIII-ХІХ стагоддзяў. Яны будуць танчыць паланэз, спяваць рамансы, прызнавацца ў каханні і гуляць у жмуркі.
– Баль стане абаронай дыпломнага праекта навучэнкі пятага курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, маладзечанкі Алесі Каролік, – расказала Край.бай арганізатар балю, выкладчык каледжа Аляксандра Ляшковіч. – Асноўнымі ўдзельнікамі стануць першакурснікі нашага каледжа. На працягу двух тыдняў мы з імі рыхтаваліся да балю, вучылі танцы, працавалі над сцэнарам.
Афіша моладзевага шляхецкага балю ў Маладзечанскім музычным каледжы
Алеся Каролік кажа, што класічны баль мінулых стагоддзяў стане выклікам папсовай культуры:
– Мы хочам, каб наша моладзь адчула атмасферу той эпохі, зразумела, што і сёння ёсць альтэрнатыва сучаснай моладзевай тусоўцы. У нас будзе абавязковы дрэс-код для ўдзельнікаў і гасцей. Ніякіх джынсаў. Хлопцы павінны прыйсці ў касцюмах, дзяўчаты – у сукенках. Уся тэатралізаваная пастаноўка пабудуецца вакол цырымоніі “Салодкая цукровіна”. Гэта дзейства, падчас якога хлопец прызнаецца дзяўчыне ў каханні, а яна адказвае яму ўзаемнасцю.
Па сцэнары хлопец праз беларускага блазна перадае дзяўчыне салодкі марцыпан. У адказ сяброўка дзяўчыны павязвае на руку хлопца стужку чырвонага колеру жыцця. Падчас гэтага абраду галоўныя героі пастаноўкі прызнаюцца адно аднаму ў каханні.
Баль пройдзе з усімі атрыбутамі, уласцівымі для таго часу: размовамі, жартамі, плёткамі. Хлопцы і дзяўчаты станчаць вальс, паланэз, падэграс, падэспань, катыльён. Пагуляюць у жмуркі, бірулькі, пазлы і карты.
На балі будзе працаваць фотазона, а таксама партрэтная зона. Усе ахвотныя змогуць заказаць свой партрэт.
Сваё творчае майстэрства пакажуць ансамблі Маладзечанскага музычнага каледжа: духавы, цымбальны, струнны і вакальны. Вакальныя партыі выканаюць некаторыя з галоўных герояў тэатралізаванай пастаноўкі.
Па словах Алесі Каролік, у падрыхтоўцы балю задзейнічаныя каля 70 чалавек. Асноўныя яго ўдзельнікі – навучэнцы першага курса. Але на баль запрашаюцца ўсе ахвотныя: навучэнцы іншых курсаў, куратары і выкладчыкі. Арганізатары разлічваюць, што ў свяце паўдзельнічаюць каля 100 чалавек.
Пачатак моладзевага шляхецкага балю ў выставачнай зале Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.-К. Агінскага 2 сакавіка ў 15.00.
Сяргей ЗЯНЬКО
Фото забяспечана Маладзечанскім музычным каледжам