Ураджэнка Ашмянаў Таццяна Матафонава запісала дыск беларускіх школьных спеваў (АЎДЫЁ)
Праект завецца “Няма прыгажэй ад маёй Беларусі”. У якасці назвы быў скарыстаны радок з верша Артура Вольскага.
Такі праект быў неабходны Беларусі як паветра, піша сайт “Будзьма разам!”
Таццяна Матафонава разам з сынам Адасем і зорнай камандай артыстаў запісала двайны дыск, які проста абавязаны быць не тое што ў кожнай школе – у кожным класе і ў кожным доме.
Даведка: Таццяна Грыневіч-Матафонава – спявачка. Нарадзілася ў Ашмянах. Скончыла Маладзечанскую музычную вучэльню і Універсітэт культуры ў Мінску. Працуе ў Белдзяржфілармоніі. Асноўныя захапленні – беларускі раманс, дзіцячыя народныя і школьныя песні, народныя танцы. На гэтай ніве пасеяла і вырасціла некалькі кампакт-кружэлак. Разам са сваімі аднадумцамі вучыць мінскую моладзь традыцыйным танцам. Лічыць, што родныя песня і танец – асноўныя цагліны ў падмурку, на якім вырастае сапраўдны патрыёт.
budzma.org
На першым дыску сабраныя вершы пра школу і навучанне, а таксама песенькі, якія можна выкарыстоўваць пад час школьных святаў, лінеек, званкоў, выпускных. На другім – начытаныя вершы і наспяваныя песні на вершы, якія дзеці вучаць на памяць па школьнай праграме. Купалу, Коласа, Багдановіча, Гаруна, Труса, Танка, Панчанку, Куляшова, Барадуліна, Бураўкіна, Вярцінскага чытаюць і спяваюць Таццяна і Адась Матафонавы, Зінаіда Бандарэнка, Лявон Вольскі, Сяргей Дубавец, Юрась Жыгамонт, Таццяна Беланогая, Сяржук Сокалаў-Воюш, Зміцер Бартосік, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі. Усяго 106 трэкаў у аўдыёфармаце.
Песня “Вальс развітання”. Выконвае Таццяна Матафонава (аўдыё)
Ідэя такога праекту нарадзілася ў Таццяны Грыневіч-Матафонавай, артысткі Беларускай дзяржаўнай філармоніі, якая ўжо чатыры гады выступае і сольна.
Таццяна аб’ездзіла за гэты час сотні гарадоў і мястэчак. Яна выступае ў школах, бібліятэках, музеях, прадпрыемствах, аднойчы спявала нават у Сынкавіцкай царкве. У час такіх паездак у яе і з’явілася ідэя выдаць дыск беларускіх песняў для школы. Яе сын Адась якраз пайшоў тады ў школу. Тамара Мацкевіч з Таварыства беларускай школы кажа, што калі яны надумалі зрабіць адукацыйны мультымедыйны праект “Гадуем беларусаў” і пачалі збіраць для яго тэксты, відэа і аўдыё, то зразумелі, што беларускіх песняў пра школу папросту няма…
У беларускіх школах у гэтым плане сапраўды нічога не змянілася з савецкіх часоў. Настаўнікі пры арганізацыі святаў карыстаюцца ўсё тымі ж метадычнымі дапаможнікамі, што і іх папярэднікі 20-30 гадоў таму. Адпаведна, лінейкі, першыя і апошнія званкі, выпускныя праходзяць цяпер па тых жа сцэнарах і фактычна пад тую ж музыку, што была ў нас і ў нашых бацькоў. У аўдыётэцы ўсё тыя ж “Прощальный вальс”, “Учат в школе”, “Из чего же”, “Первоклашка” і г.д. Нібы ніхто і не заўважыў, што Беларусь ужо 21 год як незалежная краіна. А ў незалежнай краіне мусяць быць свае святы і свае песні.
“Як жа спяваць, калі няма чаго?” – спытае большасць. “Як няма, то трэба стварыць”, – скажа меншасць. І толькі адзінкі возьмуць ды зробяць. Таццяна Матафонава ўзялася запаўняць адразу некалькі нішаў беларускай песні, да якіх нікому не было справы. У 2009 годзе яна запісала разам са Змітром Сідаровічам і дзеткамі “Дзіцячы альбом”, дзе выконваліся песенькі, знойдзеныя ў фальклорных зборніках. Пасля ўзялася за беларускамоўны альбом навагодніх песняў, сабраўшы і выканаўшы тры дзясяткі класічных і новых твораў пра зіму ды Каляды. Летась Таццяна прадставіла дыск з рамансамі і дыск “Паспеўкі” на тэксты і пераклады Сокалава-Воюша. Цяпер рыхтуе дыск жаўнерскіх спеваў.
За кожны дыск Таццяне можна сказаць вялізны дзякуй, але за апошнюю працу “Няма прыгажэй ад маёй Беларусі” артыстцы і прадусару варта даваць дзяржаўную прэмію як мінімум. Міністэрства адукацыі мусіла б узяць у яе дазвол на тое, каб перавыдаць гэты дыск з якасным аздабленнем і паліграфіяй накладам 10-20 тысячаў асобнікаў ды распаўсюдзіць па ўсіх школах краіны. Пакуль жа ён выдадзены саматугам накладам 500 асобнікаў з беднай бляклай вокладкай і хутка стане рарытэтам.
Рацыю мае Генадзь Бураўкін, калі са скрухай кажа, што тое, што робіць Таццяна, – адзін з выратавальных кругоў, які яшчэ можна кінуць беларусам, што захрасаюць у балоце русіфікацыі. Цяпер у школах беларускае слова гучыць дзве, а то і адну гадзіну на тыдзень. (Янка Брыль згадваў, што ў Заходняй Беларусі палякі дзеля адчэпкі давалі на вывучэнне беларускага слова тры гадзіны). Спадар Генадзь кажа: душа скаланулася ў яго, калі даведаўся, што з гэтых дзвюх гадзінаў 80% часу ў настаўнікаў ідзе на тое, каб растлумачыць дзецям значэнне беларускіх словаў, якія трапляюцца ў творах: школьнікі не ведаюць нават, што такое “рамонак”…
Генадзь Бураўкін
Але пакуль ёсць такія людзі, як Таццяна Матафонава, застаецца ўпэўненасць, што ўсё яшчэ можна паправіць. І задача астатняй “большасці”, як і “меншасці”, – хоць неяк засведчыць, што ім гэта патрэбна.
Па матэрыялах сайта “Будьма разам!”