Уладальнік аграсядзібы на Маладзечаншчыне адкрыў выстыву сваіх карцін
Старшыню грамадскага савета па развіцці аграэкатурызму Маладзечанскага раёна Аляксандра Рашэтнікава ўсе ведалі як гасціннага гаспадара аграсядзібы «У Іванавіча». Цяпер жа пераканаліся, што ён не толькі арганізатар, але і творчы чалавек.
Доказ таму - агратурыстычная выстава работ Аляксандра, якая адкрылася 9 лістапада ў мастацкай галерэі вёскі Плябань. Прысвечана экспазіцыя Міхалу Клеафасу Агінскаму, паведамляе сайт oginsky.stsby.com.
На суд гледачоў аўтар прадставіў каля васьмідзесяці работ. У асноўным, гэта партрэты і пейзажы. Шэраг карцін паказвае землякоў з вёскі Павязынь. Знайшлі адлюстраванне ў творчасці мастака і краявіды. Але тэма Міхала Клеафаса Агінскага з’яўляецца тут галоўнай.
- Справа ў тым, - сказаў Аляксандр на адкрыцці выстаўкі, - што аўтара паланэза «Развітанне з Радзімай» ведаюць ва ўсім свеце. Да таго ж, яго жыццё непарыўна звязаная з нашай зямлёй, з Маладзечаншчынай. Так што прапагандуючы Агінскага, мы рэкламуем і наш рэгіён. Вось чаму выстава і названая «агратурыстычнай».
Нарадзіўся аўтар у 1947 годзе. Зацікаўленасць да мастацтва пераняў ад маці, а сур’ёзна пачаў займацца маляваннем ў 80-я гады падчас працы на Поўначы.
Па меркаванні Аляксандра Рашэтнікава, апошнім часам становіцца папулярным менавіта «падзейны турызм», калі людзі едуць на фестывалі, канцэрты, спартыўныя спаборніцтвы. А што можа прыцягнуць увагу айчынных і замежных турыстаў больш, чым постаць Міхала Клеафаса Агінскага, князя маладзечанскага? Дарэчы, адкрыццё выстаўкі ў Плябані – таксама, чым ні падзея?
У далейшым выстава павінна пабываць у Літве, Польшчы, Германіі. Яшчэ ў планах Аляксандра выданне альбома сваіх работ, стварэнне пано, прысвечанага М.-К. Агінскаму і адкрыццё мастацкай галерэі ва ўласнай аграсядзібе.
Па словах заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, першага лаўрэата Нацыянальнай прэміі «За духоўнае адраджэнне» Яўгена Ждана, які прысутнічаў на адкрыцці выставы, мастацкая вартасць карцін Аляксандра Рашэтнікава заключаецца ў іх крэатыўнасці, непасрэднасці. "Яго нацюрморты, партрэты і пейзажы добра перадаюць нацыянальны каларыт, і з цягам часу стануць вядомымі шырокай аўдыторыі аматараў жывапісу. Увогуле, якую б справу ні рабіў майстар, яна заўсёды атрымліваецца «на выдатна»", - лічыць ён.
Пра важнасць папулярызацыі знакавых мясцін Беларусі праз мастацтва гаварылі госці, што прыехалі на адкрыццё выставы. У Плябань прыехалі старшыня асацыяцыі «Адпачынак на вёсцы» Валерыя Кліцунова, загадчыца мастацкай галерэі ў Плябані Ала Ліхтаровіч, намеснік старшыні Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімір Сівуха, каардынатар праграм падтрымкі федэральнага ўрада Германіі па Мінскай вобласці Дзмітрый Карпіевіч, дырэктар Маладзечанскай дзіцячай мастацкай школы Наталля Трус.
Выстава будзе працаваць да Новага года.
Карціны выставы
Аўтар з заслужаным дзеячам культуры Беларусі Яўгенам Жданам
З гасцямі выставы