У першым дзіцячым фальклорным фестывалі ў Маладзечне прынялі ўдзел 22 калектывы з горада і раёна
23 мая ў Дзіцячым Цэнтры культуры «Расток» адбыўся фальклорны фестываль «З крыніц спрадвечных песня льецца».
Пра гэта Край.бай паведаміла загадчыца аддзела па рабоце з дзецьмі і моладдзю Дзіцячага Цэнтра культуры “Расток” Марына Полаз.
“Ініцыятыва правядзення дзіцячага фальклорнага фестывалю належыць фальклорнаму аб’яднанню “Беларуская спадчына”, якое існуе ўжо больш за 20 год. У фестывалі прынялі ўдзел 22 калектывы з горада і раёна”, – расказала яна.
Марына Полаз паведаміла, што свята пачалося шэсцем усіх удзельнікаў. Іх віталі фальклорныя персанажы – Васіль і Васілінка, ролі якіх выконвалі кіраўнік народнага гумарыстычнага гурта “Тары-Бары” Андрэй Рудой і культарганізатар аддзела выстаў і масавых мерапрыемстваў Наталля Каляда, а таксама Гаспадыня – метадыст аддзела па рабоце з дзецьмі і моладдзю Анжаліка Каралевіч і Вандроўнік – збіральнік скарбаў беларускай культуры, удзельнік аб’яднання “Беларуская спадчына” Іван Шчарбачэвіч. Харэаграфічны калектыў Аляхновіцкай сярэдняй школы выканаў сюжэтны танец “Ручнікі”.
Марына Полаз таксама адзначыла, што дзіцячы фестываль праводзіўся ўпершыню. Галоўная мэта – высвятліць, колькі фальклорных калектываў існуе ў горадзе і раёне, якія з іх на самой справе дзейнічаюць, а таксама даць магчымасць дзецям, якія займаюцца ў гэтых гуртах, сустрэцца, падзяліцца сваім досведам.
“Фестываль паказаў, што ёсць шмат вартых калектываў, кіраўнікі якіх працуюць з дзецьмі і ладзяць цікавыя святы. Я перакананая, што ў нашага мерапрыемства ёсць будучыня: тое, што цікавіла дзяцей некалькі стагоддзяў таму, цікава і сучасным дзеткам”, – дадала суразмоўца Краю.
Акрамя выступленняў дзіцячых калектываў, дзейнічала выстава і майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве “Горад майстроў”, выстава-продаж кулінарных вырабаў “Беларускія прысмакі”, якую рыхтавалі самі ўдзельнікі свята. На “Гульнёвым падворку” можна было пагуляць у беларускія гульні і віктарыну “Наш народ багаты на традыцыі, звычаі, святы”.
У канцы Марына Полаз зазначыла: “Усе ўдзельнікі фестывалю засталіся задаволенымі. Свята доўжылася дзве з паловай гадзіны, і нават дождж не сапсаваў настрой, усе дзякавалі арганізатарам”.
Усяго на фестывалі прысутнічала больш за 400 дзяцей малодшага ўзросту і дарослых. Удзельнікі былі адзначаныя ганаровымі граматамі і салодкімі пачастункамі.
Кацярына СУШКО
Фота прадастаўлена Край.бай загадчыцай аддзела па рабоце з дзецьмі і моладдзю Дзіцячага Цэнтра культуры “Расток” Марынай ПОЛАЗ