У Маладзечне ўзгадалі краязнаўцу Вячаслава Ляшковіча, імя якога носіць адна з вуліц горада (ФОТА)
9 кастрычніка ў Палацы культуры адбылася вечарына, прысвечаная памяці заслужанага работніка культуры Беларусі Вячаслава Ляшковіча.
У гэтым годзе споўнілася 90 год з дня нараджэння краязнаўцы, аўтара шэрагу кніг, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны.
Даведка. Вячаслаў Ляшковіч нарадзіўся 24 жніўня 1924 года у вёсцы Леснікі Лагойскага раёна. Скончыў Мінскую партыйную школу. З 1942 года – на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Ён вярнуў з небыцця мноства імён знакамітых людзей, звязаных з Маладзечаншчынай.
Паводле кнігі "Памяць. Маладзечна. Маладзечанскі раён"
9 кастрычніка сярод гасцей вечарыны былі людзі, якія добра ведалі Вячаслава Ляшковіча, таму маглі падзяліцца сваімі ўспамінамі з прысутнымі. Прыгадвалі, напрыклад, той факт, што свой дзень нараджэння ён адзначаў двойчы на год: 24 жніўня – калі нарадзіла яго маці, а другі раз, калі бацькі атрымалі афіцыйнае паведамленне-пахаванку з Ленінградскага фронту.
Пахаванка-памылка ваенных пісараў, адпраўленая бацькам Вячаслава
Маладога байца санітары знайшлі жывым у акопе, ён быў засыпаны зямлёй. Але лёс распарадзіўся так, што ён выжыў, дайшоў да Перамогі і вярнуўся на Бацькаўшчыну, каб клапаціцца пра ўшанаванне памяці загінулых на франтах, знакамітых людзей Маладзечаншчыны і тых, хто звязаў свой лёс з нашым краем.
Дырэктар Мінскага абласнога краязнаўчага музея Тамара Лянкевіч распавяла аб працы Вячаслава Ляшковіча на пасадзе кіраўніка музея і экспанатах, набытых дзякуючы яго намаганням.
Дырэктар Мінскага абласнога краязнаўчага музея Тамара Лянкевіч
Начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Аляксандр Рамановіч узгадаў час, калі ён працаваў загадчыкам Палачанскага клуба. Па ініцыятыве Вячаслава Ляшковіча там адбылася прэзентацыя рамана ў вершах Ніла Гілевіча “Родныя дзеці”, на якую сабралася “паўнюткая зала, нават балконы былі перапоўнены”. Распавёў ён і аб праектах, якія знакаміты краязнаўца не паспеў здзейсніць.
Начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Аляксандр Рамановіч
Іосіф Сушко – ганаровы грамадзянін Маладзечна, кіраўнік ансамбля песні і танца “Спадчына” – расказаў аб падрыхтоўцы калектыва да аднаго з конкурсаў. Для пашыва касцюмаў Вячаслаў Ляшковіч змог запрасіць швачак з Дзяржаўнага опернага тэатра Беларусі, якія працавалі цэлы тыдзень.
“Ляшковіч убачыў ружы на спадніцах у оперных артыстак і замовіў такія ж. Касцюмы былі шыкоўныя”, – адзначыў Іосіф Сушко.
Ганаровы грамадзянін Маладзечна, кіраўнік ансамбля песні і танца “Спадчына” Іосіф Сушко
Сваімі ўспамінамі аб выдатным чалавеку, кіраўніку і краязнаўцы падзяліліся таксама былы намеснік старшыні райвыканкама Наталля Гайковіч, старшыня ветэранскай арганізацыі настаўнікаў Ніна Балебус, былы намеснік старшыні палачанскага калгаса Ніна Станкевіч і іншыя.
Музычныя нумары ўпрыгожылі мерапрыемства.
На вечарыну з Пружанаў прыехала таксама Вольга, дачка Вячаслава Ляшковіча. У яе двое сваіх і дзевяць прыёмных дзяцей.
Дачка Ляшковіча Вольга з Пружанаў і кіраўнік духоўна-патрыятычнага аб’яднання “Светач” Ларыса Сысун
Вячаслаў Ляшковіч вярнуў з небыцця шмат імён, а яго імя носіць адна з вуліц Маладзечна.
Сям’я Вячаслава Ляшковіча: дачка Вольга, унучка Марыя і праўнучкі Яўгенія і Валерыя
Народны пісьменнік Беларусі Ніл Гілевіч у сваім артыкуле называў яго нястомным рупліўцам і сваім старэйшым сябрам. “Вы бывалі, сябры, у родным гняздзе Янкі Купалы ў Вязынцы, і вам спадабалася там?.. Вы бывалі ў Ракуцёўшчыне, што каля Краснага, і бачылі “Сад Максіма”?.. Вы спыняліся каля ўнікальнага помніка старажытнаму Віленскаму шляху – высачэзнага каменя са скрыжаляй, на якой увекавечаны імёны многіх знакамітых людзей розных эпох і народаў, чый лёс звязаны з дарогаю Мінск-Вільня?”. Спіс пытанняў можна працягваць яшчэ доўга, а здзейснілася многае дзякуючы шматлікім клопатам і старанням краязнаўцы Вячаслава Ляшковіча, бо “пачалося гэта ўсё з яго задумы, з яго ініцыятывы ды і рабілася ягонымі рукамі пераважна…”.
Дана ЗАКРЭЎСКАЯ
Фота аўтара і з сайта kimpress.by