Свята песні і паэзіі “Ракуцёўскае лета” на Маладзечаншчыне было прысвечана юбілею музея “Фальварак Ракуцёўшчына” (ФОТА)
Штогадовае свята песні і паэзіі “Ракуцёўскае лета” адбылося 27 ліпеня ў Ракуцёўшчыне, дзе месціцца філіял Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.
Партал Край.бай анансаваў гэтую імпрэзу.
Сёлета свята было прысвечана не толькі творчасці паэта Максіма Багдановіча, але і 20-годдзю музея “Фальварак Ракуцёўшчына”. Менавіта тут у 1911 годзе адпачываў класік беларускай літаратуры. Максім Багдановіч назваў гэты час “Страніца лепшая ў штодзённіку жыцця!”, бо ў гэтых мясцінах напісаны геніяльныя творы паэта: цыклы вершаў “Старая Беларусь”, “Места”, паэмы “Вераніка” і “У вёсцы”.
Нягледзячы на спякотнае надвор’е, свята сабрала шматлікіх прыхільнікаў творчасці Максіма Багдановіча, вядомых літаратараў, краязнаўцаў, навукоўцаў і выканаўцаў: Віктара Шніпа, Людмілу Рублеўскую, Анатоля Бутэвіча, Міхася Казлоўскага, Міколу Труса, Рамана Яраша, музычны гурт “Нельга забыць”, творчыя калектывы Маладзечаншчыны і іншых.
Распачала святочную праграму загадчыца літаратурнага музея Максіма Багдановіча Марына Запартыка (злева)
Адзін з былых дырэктараў Мінскага літаратурнага музея Максіма Багдановіча Мікалай Трус
Зміцер Арцюх чытае верш, прысвечаны “Ракуцёўскаму лету”
Маладая паэтка Кацярына Глухоўская
Віктар Шніп чытае баладу “Вяртанне Максіма Багдановіча”
Дыпламат, пісьменнік, перакладчык, публіцыст, крытык Анатоль Бутэвіч
Людміла Рублеўская зрабіла паэтычны экскурс у мінулае, калі аб незалежнасці Беларусі можна было толькі марыць
Спявае Раман Яраш
Паэт і бард Серж Мінскевіч чытае пераклады Шэкспіра
Усе госці і ўдзельнікі свята маглі набыць сувеніры, прадстаўленыя майстрамі Маладзечанскага цэнтра рамёстваў, а таксама бясплатна наведаць сядзібу фальварка шляхціца Вацлава Лычкоўскага, дзе і працаваў Максім Багдановіч.
Дана ЗАКРЭЎСКАЯ
Фота аўтара