Свята Багач у Вязынцы Маладзечанскага раёна адзначылі 21 верасня спевамі (ФОТА і ВІДЭА)
Для дзяцей Сямейны этнаграфічны клуб зладзіў народныя гульні.
Край.бай анансаваў гэтую падзею.
Арганізатары мерапрыемства – Студэнцкае этнаграфічнае таварыства і Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы.
Даведка: У беларускім календары свята Багач прымеркавана да заканчэння збору ўраджаю (“к гэтаму часу ў кожнага ўсяго багата”) і першаму запальванню хатняга агменю – васковай свечкі ў лубку з жытам, якую ставяць на покуць і захоўваюць там на працягу ўсяго года, што прыносіць у дом багацце і шчасце.
Спачатку зладзілі агульны багач: удзельнікі і госці святкавання ссыпалі ў лубок прывезенае з сабой зерне, крупы. Затым запалілі свечку. З поўным зерня лубком, спяваючы традыцыйныя песні, абышлі ўсе пабудовы музея.
А далей выступалі этнаграфічныя гурты: жніўныя абрадавыя і бяседныя песні. Першым спяваў жаночы гурт “Горынь”, іх змянілі спявачкі з вёскі Студзераўшчына Дзятлаўскага раёна. Затым – студэнцкі гурт “Варган” з Полацка.
Гурт "Горынь"
Вядучая свята, сябра Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, Настасся Кухарэнка расказала Край.бай, што ў вераніцы гадавых народных святаў – Каляды, Гуканне вясны, Купалле, якія ладзіць Таварыства, – не хапала восеньскага свята. Ім і стаў Багач. "Праз конкурс сацыяльных праектаў “Social weekend” мы знайшлі партнёраў і ў выніку сумеснай працы на базе Купалаўскага запаведніка сёлета ўпершыню ладзім гэтае народнае свята. Прыемна, што на ім шырока прадстаўленыя традыцыйна мужчынскія рамёствы: кавальства, ганчарства, лазапляценне", – адзначыла Настасся Кухарэнка.
Пасля перапынку, падчас якога госці свята пазнаёміліся з рамёствамі, проста перакусілі, прадоўжылі выступы заяўленыя гурты і выканаўцы: Рада, Раман Яраш і іншыя.
Для дзяцей Сямейны этнаграфічны клуб ладзіў народныя гульні.
Спявачкі з вёскі Студзераўшчына Дзятлаўскага раёна
Гурт "Варган"
Гледачы
Гурт "Рада"
Працаваў кірмашык рамёстваў
Каваль Аляксандр Міхалевіч
Раман Яраш
Відэафрагмент выступлення гуртоў "Горынь", "Рада" і Рамана Яраша
Валеры ТРАЦЯК
Фота і відэа аўтара