Опубликовано: 29 мая 2014, 10:16
28

Прыкладна праз два месяцы ў маладзечанскім музеі можна будзе ўбачыць слуцкі пояс

Для Мінскага абласнога краязнаўчага музея слуцкі пояс набылі з абласнога бюджэту.

З 2012 года ў Беларусі дзейнічае Дзяржаўная праграма адраджэння тэхналогій і традыцый вырабу слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі. У яе рамках з абласнога бюджэту набылі слуцкі пояс для Мінскага абласнога краязнаўчага музея, піша 26 мая «Маладзечанская газета».

У Маладзечне гэты пояс быў прадстаўлены ўдзельнікам урачыстасці, прысвечанай Міжнароднаму дню музеяў. У ёй прымалі ўдзел прадстаўнікі мясцовых улад, вядучых банкаў Маладзечаншчыны, гісторыкі, выкладчыкі дэкаратыўна-прыкладных дысцыплін і выяўленчага мастацтва.

Каб пацвердзіць аўтэнтычнасць (сапраўднасць) вырабу, вядучыя мастацтвазнаўцы краіны, у тым ліку спецыялісты Нацыянальнага мастацкага музея, правялі шэраг складаных экспертыз. І яны прыйшлі да высновы, што пояс быў сатканы на Слуцкай мануфактуры ў перыяд з 1762 па 1790 год. Ён складаецца з трох частак, даўжыня – 3,94 метра, шырыня – 28 сантыметраў, зроблены з натуральнага шоўку. Ва ўзорыстых з махрамі паясах такога тыпу ўтрымліваецца ад 150 да 200 грамаў золата і да 60 грамаў серабра.

Пояс, набыты для маладзечанскага музея, перадалі ў Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт для таго, каб спецыялісты змаглі вывучыць прынцып перапляцення нітак. Потым на ткацкай вытворчасці ў Слуцку паспрабуюць зрабіць гістарычную рэканструкцыю (копію) пры дапамозе сучаснай камп’ютарнай устаноўкі нямецкай вытворчасці, якую спецыяльна набылі за мільён еўра. Для случчан гэта будзе другая спроба гістарычнай рэканструкцыі пояса. Першая копія ўжо ёсць, яе нядаўна падарылі прэзідэнту краіны. Арыгінал знаходзіцца ў Музеі старажытнай беларускай культуры Акадэміі навук.

Прыкладна праз два месяцы слуцкі пояс вернецца ў Маладзечна. І наведвальнікі абласнога краязнаўчага музея змогуць убачыць яго. Як і калекцыю з пяці памятных сярэбраных манет з выявай слуцкіх паясоў, якую прэзентаваў Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. Гэту ганаровую місію выканаў намеснік старшыні праўлення А. Прышчыц.

Изображение 1

У час урачыстасці была праведзена і экскурсія. Наведвальнікаў пазнаёмілі з самымі цікавымі і рэдкімі экспанатамі, якіх у Беларусі адзінкі. Сярод рарытэтаў – фрагмент яшчэ аднаго слуцкага пояса, які ў 1970 годзе трапіў да нас з Нясвіжскага Фарнага касцёла Божага цела.

Цяпер у розных музеях Беларусі налічваецца сем слуцкіх паясоў, а таксама шэсць так званага слуцкага тыпу, сатканых на мануфактурах Украіны, Польшчы, Францыі.

Таксама ў фондах маладзечанскага музея ёсць слуцкі пояс, які ў 1968-м дзякуючы навуковаму супрацоўніку абласнога краязнаўчага музея Генадзю Каханоўскаму быў перададзены з Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Маскве. Цяпер гэты рарытэт знаходзіцца на выстаўцы «Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі» ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

За амаль 100 гадоў існавання Слуцкай мануфактуры было зроблена 5 000 паясоў.
У 1909 годзе Максім Багдановіч у паэме «Слуцкiя ткачыхi» пісаў, што на сатканых «бяздольнымі» дзяўчатамі паясах «сiнеюць мiла васiлькi». Спецыялісты мяркуюць, што гэта выдумка паэта. Ткацтва – надзвычай цяжкая праца, і раней ёю займаліся мужчыны, жанчыны маглі быць толькі ў якасці памочніц. За рабочы дзень выраблялася ўсяго 10 квадратных сантыметраў палатна. А «васількамі» аказаліся турэцкія гваздзікі.

Паводле «Маладзечанскай газеты»

Читайте также

Рефери FIFA, два «горчичника» в одной игре, пресс-секретарь и легендарный форвард – на чемпионате Молодечно по мини-футболу всё по-взрослому
Второй тур 10-го открытого чемпионата Молодечно по мини-футболу состоялся 13 октября в Спортивно-развлекательном центре. В центральном матче тура «Мехатроника» одолела «Молодечногаз», но возглавил таблицу после соревновательного вечера «Клуб болельщиков ФК «Молодечно».
“Быть мамой — работа сложная”. Смотрите, как в Вилейке поздравили женщин с Днем матери
14 октября в Вилейке отпраздновали День матери. В этом году торжество прошло на сцене Вилейского государственного колледжа.
В Молодечненском районе ГАИ за выходные оформила более 70 протоколов
В отделе ГАИ Молодечненского РОВД подвели итоги рейдовых мероприятий и профилактической акции «Уступи дорогу спецтранспорту».