Полька «Аляксей», вальс «Зінаіда» і лявоніха. У Вілейцы прайшоў фестываль побытавых танцаў (ФОТА, ВІДЭА)
Вечарына з беларускімі народнымі танцамі адбылася 23 студзеня ў вілейскай гімназіі №2 у рамках штогадовага фальклорнага фестывалю «Вясёлка».
На свяце сабраліся танцоры розных узростаў з Вілейкі, Маладзечна і Мінска. Вясёлыя мелодыі, беларускія народныя танцы і добры настрой удзельнікаў – у такой атмасферы прайшоў фестываль побытавых танцаў.
Фальклорныя вечарыны з танцамі, якія выконвалі на Вілейшчыне яшчэ нашы продкі, у гімназіі арганізуюць некалькі разоў на год. На гэта свята збіраюцца ўдзельнікі з розных рэгіёнаў.
Народныя танцы на Вілейшчыне адраджае настаўнік фальклорна-побытавых танцаў гімназіі №2 Зінаіда Крупская. Тры гады таму яна пайшла на заслужаны адпачынак, але працягвае займацца любімай справай – арганізуе падобныя вечарыны.
– Беларускі народ стварыў мноства яркіх, самабытных танцаў. І ў кожнай мясцовасці выконвалі адзін і той жа танец па-свойму. Падчас такіх мерапрыемстваў можна і патанчыць, і падзяліцца думкамі наконт танцаў і беларускай культуры ў цэлым, – адзначыла Зінаіда Крупская. – За пяць гадоў мы вывучылі каля 30 беларускіх побытавых танцаў. Радуе, што такія сустрэчы ёсць і яны цікавыя для сучаснай моладзі. Дарэчы, у маі плануем арганізаваць чарговы фальклорны вечар з народнымі танцамі і спевамі.
Зінаіда Крупская
Полька «Аляксей», вальс «Зінаіда», старадаўні вальс «Аляксандр III», з якога на Вілейшчыне некалі пачыналіся любыя святы, «Месяц», падыспань, кракавяк, традыцыйныя полька і лявоніха – не спыняючыся пары кружыліся ў танцах на працягу ўсяго вечара.
Характэрна, што на такіх вечарынах зусім неабавязкова быць прафесійным танцорам: Зінаіда Крупская навучыць танцаваць кожнага.
Сваімі ўражаннямі падзяліліся з Край.бай госці фестывалю з Маладзечна і Мінска.
– Мы заўсёды наведваем такія мерапрыемствы, таму што цікавімся беларускай народнай культурай. З восені, напрыклад, ходзім на «Вячоркі» ў Маладзечне. Сённяшнія танцы – проста клас! Адразу цяжка пачаць танцаваць, а потым уліваешся – і робіцца ўсё роўна, ведаеш ты танец ці не. Атмасфера вечара выдатная. Цешыць, што такія мерапрыемствы наведвае моладзь, – лічаць Дзяніс і Вольга з Маладзечна.
– Мы на вечарыне не першы раз. Летась прыязджалі на майстар-клас Зінаіды Крупскай. Вельмі спадабалася. Мы з'яўляемся ўдзельнікамі групы інструментальнай музыкі, таму вывучаем беларускія традыцыі і цікавімся танцамі як часткай беларускай культуры. Сённяшняе мерапрыемства нам вельмі спадабаліся! Было вельмі весела, – адзначылі Сяргей і Алена з Мінска.
Юлія ЛАХВІЧ
Фота і відэа аўтара
Мантаж Міхаіла МАРЖЭЎСКАГА