Нямецкая актрыса Сімона Мучлер выступіла з тэатрам казкі ў гімназіі №10 і бібліятэцы “Верасок” у Маладзечне
Выступленні праходзілі 16 верасня ў рамках праекта “Казачны свет” інстытута Гётэ ў Мінску. Актрыса адна выконвала ўсе ролі, пастаянна ператвараючыся ў розных герояў.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі №10 Таццяна Мурычына расказала Край.бай, што выступленне, на якім прысутнічала шмат дзяцей (вучні старэйшых класаў), працягвалася гадзіну. Па словах Таццяны Мурычынай, Сімона Мучлер – таленавітая нямецкая актрыса. Дзеці і настаўнікі былі вельмі задаволены мерапрыемствам.
Як паведаміла Край.бай загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча Таццяна Закрэўская, у бібліятэцы “Верасок” сабраліся вучні сярэдніх школ №1 і №5 і школы-інтэрната №2, якія вывучаюць нямецкую мову. Яны маглі не толькі ўбачыць казачнае прадстаўленне, але і паразмаўляць з носьбітам замежнай мовы.
Пасля спектакля праходзіў майстар-клас. На ім прысутнічалі кансультант па нямецкай мове інстытута Гётэ ў Мінску Райко Ласончык і асістэнт праекта “Школы – партнёры будучага” Марына Міцькіна. Па словах Таццяны Закрэўскай, падчас майстар-класа дзеці задавалі гасцям шмат пытанняў, а мерапрыемства прайшло жыва і цікава: усе смяяліся, апладыравалі.
Даведка: Сімона Мучлер нарадзілася ў 1967 годзе ў Бадэн-Вюртэмбергу, у 1996 годзе пачала акцёрскую адукацыю ў фрайбургскім тэатры. У 1999 годзе прайшла двухгадовы курс навучання па спецыяльнасці мова рухаў цела, а таксама – трэнер па камунікацыі са спецыялізацыяй па пастаноўцы казак і клаўнадзе. Сімона Мучлер – аўтар і выканаўца шматлікіх пастановак для дзяцей, моладзі, а таксама для дарослых, у тым ліку ў галіне бізнэс-тэатра, працавала ў Фрайбургу, а затым, пасля пераезду ў 2001 годзе, – у Мюнхене. У 2006 годзе яна заснавала агенцтва “Тэатршпас” (Забаўны тэатр), дзе яна самастойна арганізуе і праводзіць семінары па павышэнню кваліфікацыі для настаўнікаў і выхавальнікаў, тэатральныя прадстаўленні для дзяцей і дарослых у Германіі і за яе межамі, а таксама тэатральна-моўныя падарожжы для падлеткаў у Англію і Францыю. У 2007 годзе пачалася яе сумесная праца з Гётэ-інстытутам у Еўропе з шматлікімі турнэ па Англіі, Ірландыі, Фінляндыі, Даніі, Нарвегіі, Італіі, Босніі і Герцагавіне і Турцыі.
www.goethe.de
Дарэчы, сёння, 23 верасня, у рамках праекта “Школы – партнёры будучага” у бібліятэцы “Верасок” арганізаваны семінар “Ілюстраваная дзіцячая кніга і творчая праца па яе стварэнню” – для дзяцей і разам для выкладчыкаў нямецкай мовы і бібліятэкараў.
Марына ЖАКАЎКА