Маладзечанскія школьнікі разам з нямецкай мастачкай вучыліся рабіць ілюстрацыі для кніг (ФОТА)
23 верасня мастачка Зюзана Смайіч правяла майстар-клас па стварэнню ілюстрацый для кніг у бібліятэцы “Верасок” у Маладзечне.
У Маладзечанскую цэнтральную бібліятэку імя Максіма Багдановіча завіталі намеснік дырэктара інстытута Гётэ ў Мінску Аляксандр Назарчук разам з мастачкай-ілюстратаркай з Германіі Зюзанай Смайіч і перакладчыцай. На мерапрыемства былі запрошаны вучні малодшых класаў (1-5 класы) з гімназій №10 і 7, сярэдняй школы №11 і школы-інтэрната №2 горада Маладзечна.
Падчас сустрэчы мастачка падрабязна распавяла аб сваёй прафесіі і аб тым, як нараджаецца ілюстраваная кніга. Зюзана Смайіч жыва вяла гутарку: жартавала, смяялася, задавала пытанні. Нягледзячы на тое, што гаварыла яна на нямецкай мове, дзеці разумелі палову слоў без перакладчыцы, яны з захапленнем яе слухалі і наперабой давалі адказы на пытанні.
Хлопчыкі і дзяўчынкі ўважліва слухаюць ілюстратарку
Затым ілюстратарка паказала прэзентацыю, дзе можна было ўбачыць яе асабістую майстэрню і абсталяванне, якое там знаходзіцца. Пасля гэтага аўтарка прачытала дзве невялічкія гісторыі са сваіх кніг. Апошняя казка вельмі павесяліла дзяцей, і Зюзана прапанавала ім сваімі рукамі зрабіць галоўнага героя аповеда – маленькую свінню з крыламі.
Дзеці выразаюць кожную дэталь для будучай цацкі з паперы
Потым дэталі будучай цацкі патрэбна склеіць між сабой
Атрымалася вось такая нестандартная свінка
Настаўнікі нямецкай мовы гімназіі №10 Таццяна Антановіч і Кацярына Мяцеліца падкрэслілі, што такія мерапрыемствы вельмі карысныя для дзяцей:
– Гэта ўжо не першая сустрэча ў бібліятэцы “Верасок” з удзелам інстытута Гётэ, і дзеці надзвычай цікавяцца такімі мерапрыемствамі. Жывую камунікацыю з носьбітам нямецкай мовы нічым не заменіш, – падкрэсліла Таццяна Антановіч.
Кацярына Мяцеліца лічыць, што канкрэтна гэтае мерапрыемства ўтрымлівала элементы сумеснай працы, што аб’ядноўвае школьнікаў. А стварэнне невялікіх цацак сваімі рукамі дапамагае развіць ў дзяцей творчае мысленне і фантазію.
Даведка. Зюзана Смайіч – мастачка-ілюстратарка, нарадзілася ў 1972 годзе ў Мюнхене. З 1993 года вывучала афармленне кніг у замку Гібіхенштайн. Яе вучоба завяршылася ў 1999 годзе ў Вышэйшай школе графічнага дызайну ў Мюнстэры, дзе яна асвойвала мастацтва кніжнай графікі і ілюстрацыі пад кіраўніцтвам прафесара Рольфа Эшэра.
З 2001 года мастачка ілюструе дзіцячыя кнігі і піша тэксты на замову шэрагу нямецкіх, аўстрыйскіх і швейцарскіх выдавецтваў, працуе ў галіне графікі і выпускае альбомы сваіх твораў. Яе працы экспануюцца падчас шматлікіх выстаў, якія праходзяць як у Германіі, так і па-за яе межамі.
Зюзана Смайіч выкладае маляванне, ілюстраванне і кніжную графіку ў мностве навучальных устаноў, арганізуе чытанні, творчыя майстэрні па вывучэнні мастацтва для дзяцей і моладзі – гэта адбываецца ў шчыльным супрацоўніцтве з музеямі, бібліятэкамі і школамі.
З 2006 года яна жыве і працуе ў Канстанцы на Бодэнскім возеры, дзе і знаходзіцца яе студыя кніжнай графікі.
Марына ЖАКАЎКА
Фота аўтара