Маладзечанскія Кірыл і Мяфодзій. Квэст, прысвечаны гісторыку Генадзю Каханоўскаму, прайшоў у Маладзечне (ФОТА)
16 студзеня адбылася першая дзея квэста "Маладзечанскія Кірыл і Мяфодзій. Частка 1: Жыццё і дзейнасць Генадзя Каханоўскага". Каб паўдзельнічаць у ім, адна каманда прыехала ў Маладзечна з Мінска.
Квэст правялі праект правінцыйных гарадскіх гульняў “Тутэйшыя квэсты” сумесна з Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Багдановіча.
Напачатку распрацоўвалі заданні, датычныя жыцця і дзейнасці Генадзя Каханоўскага, з дня нараджэння якога сёлета спаўняецца 80 гадоў.
Даведка. Генадзь Каханоўскі нарадзіўся 8 студзеня 1936 года ў Дамашах ля Маладзечна. Юнацкія гады правёў у Маскве, дзе ўзначаліў Беларускае студэнцкае зямляцтва, сустракаўся там з паэтам Уладзімірам Дубоўкам.
Па заканчэнні вучобы вярнуўся ў Маладзечна, дзе працаваў у абласным краязнаўчым музеі. За створаную ў ім экспазіцыю яго абвінавацілі ў нацыяналізме. У 1969 атэстацыйная камісія прызнала працу маладога гісторыка шкоднай для камуністычнага выхавання савецкіх людзей. Звольненага Каханоўскага аднавілі на працы дзякуючы заступніцтву Максіма Танка і Янкі Брыля, але нападкі на вучонага не спыняліся.
У 1989 годзе ўдзельнічаў у заснаванні Беларускага краязнаўчага таварыства і стаў яго першым старшынёй. У 1992 годзе абараніў першую ў Беларусі доктарскую дысертацыю па крыніцазнаўству матэрыяльнай і духоўнай культуры нашага народа. Напісаў і выдаў шэраг кніг па фалькларыстыцы і археалогіі, даследаванні, прысвечаныя Яўстафію Тышкевічу, Адаму Кіркору, Максіму Багдановічу.
Памёр 10 студзеня 1994 года ў Маладзечне ва ўзросце 58 гадоў.
be-tarask.wikipedia.org
Але, заглыбіўшыся ў тэму, арганізатары “Тутэйшых квэстаў” звярнулі ўвагу на такую з’яву: гаворачы пра Каханоўскага, немагчыма не ўзгадаць Міколу Ермаловіча. Так і ўзнікла ідэя правесці квэст у дзвюх дзеях: першая прысвечана жыццю і дзейнасці Генадзя Каханоўскага, а другая – жыццю і дзейнасці Міколы Ермаловіча. Другая частка квэста адбудзецца адразу пасля дня нараджэння Міколы Ермаловіча (пасля 29 красавіка 2016 года).
Каманды, якія хацелі ўдзельнічаць у квэсце "Маладзечанскія Кірыл і Мяфодзій. Частка 1: Жыццё і дзейнасць Генадзя Каханоўскага” маглі складацца з аднаго-трох чалавек. Трэба было загадзя рэгістравацца.
Стартавалі ў бібліятэцы “Верасок”. Сама гульня ўяўляла сабой рашэнне сямі заданняў, звязаных з месцамі дзейнасці гісторыка ў горадз. Працягласць – 1,5 гадзіны.
Рашэнне заданняў квэста дапамагло ўзгадаць, што Генадзь Каханоўскі:
- разам з мастаком Юрыем Герасіменкам-Жызнеўскім распрацоўвалі першы герб Маладзечна (трыліснік папараці), які дзейнічаў да 2000 года і сімвалізаваў напрамак трох дарог: Вільня, Гродна, Менск;
- з’яўляўся маральным ідэалам і ідэйным натхняльнікам “Беларускай хаткі” – першага рэгіянальнага цэнтра беларускай культуры, які месціўся па адрасе Ф. Скарыны, 19.
І за шматлікія беларускія назвы вуліц мы павінны быць удзячныя і Генадзю Каханоўскаму, які ўваходзіў у склад камісіі па перайменаванні вуліц у 1990 годзе. Так, цяперашні Вялікі Гасцінец раней называўся праспектам Леніна, а Лібава-Роменская была Рэвалюцыйнай.
Трэба адзначыць, што ў дзень квэсту ў краіне быў аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі. Аднак удзельнікі не пабачылі ў гэтым перашкоды. У гульні ўдзельнічалі чатыры каманды – восем чалавек, адна з іх – "Ласі" – прыехала з Мінска.
Перамагла каманда маладзечанак "Прадам гараж": Ганна Кірылічава, Аляксандра Парфянюк і Тамара Канцавая.
Пасля квэста Міхась Казлоўскі распавеў пра цяжкасці і творчыя перамогі Генадзя Каханоўскага. Паведаміў адно з правіл жыцця гісторыка: “Зрабіў і рухайся далей, зрабіў і рухайся далей”.
Арганізатары выказваюць падзяку кафэ "PUB HOUSE" і Ганне Шакель за фотаздымкі!
Агульны здымак удзельнікаў. На пярэднім плане – пераможцы Ганна Кірылічава, Аляксандра Парфянюк і Тамара Канцавая
Каардынатар праекта “Тутэйшыя квэсты” Вольга ТРУБАЧ для Край.бай
Фота Ганны ШАКЕЛЬ