Грамніцы адзначаюць у маладзечанскім цэнтры культуры “Расток” (ФОТА)
Фальклорнае тэатралізаванае свята пад назвай “Прыйшлі Грамніцы – здымай рукавіцы” праходзіць у цэнтры з 25 лютага па 1 сакавіка ўключна.
Грамніцы адзначаюцца кожны год 15 лютага. Па павер’і, у гэты дзень зіма з летам сустракаюцца. Адсюль і другая назва свята – Стрэчанне, як бы сустрэча. У гэты дзень “зіма ў бок вясны азіраецца”, але валоданне зямлёй яшчэ аддаць не спяшаецца. Таму і пытаецца месяц люты: “Ці добра вашы ногі абуты?”
Галоўнымі дзеючымі персанажамі тэатралізацыі з’яўляюцца Зіма, Лета, Гаспадыня і Грамаўніца. А ствараюць перашкоды Пужайла і Пужаніца. Кульмінацыя свята – запальванне сімвалічнай грамнічнай свечкі, святыні, якая суправаджае чалавека на працягу ўсяго жыцця.
На тэатралізаванае свята прыходзяць дзеці ад шасці да дзесяці гадоў, якія займаюцца ў аб'яднанні "Спадчына", што працуе пры дзіцячым цэнтры культуры "Расток", і іх бацькі. Спецыялісты цэнтра падрыхтавалі да свята тэматычныя гульні.
Папрысутнічаць на свяце могуць усе ахвотныя. Даведкі па тэлефоне 74-60-81.
Дзіцячы цэнтр культуры "Расток" для Край.бай
Фота прадастаўлена Край.бай цэнтрам "Расток"