Опубликовано: 04 февраля 2014, 13:57
96

Ансамбль Маладзечанскага раёна «Маркаўчанка» адзначыў 45-годдзе

У Маркаўскім доме культуры віншавалі з 45-годдзем народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Маркаўчанка», а яго нязменнага кіраўніка Веру Дорах – з 90-годдзем.

Аб гэтым 31 студзеня паведамляе «Маладзечанская газета».

Напярэдадні раённы метадычны цэнтр разам з тэлестудыяй «Наш час» знялі фільм пра гэты калектыў, які ўзнік у 1968 годзе, праз 15 гадоў атрымаў назву «Маркаўчанка», а ў 1992-м – званне народнага.

За час свайго існавання ён даў другое жыццё многім старажытным песням і абрадам свайго краю. Сярод іх – абрады «Дзявочы вечар» і «Сёмуха», «Зажынкі» і «Дажынкі», песні «Чырвоная вішня», «Ой, там, пры дарозе» і многія іншыя, якія ўдзельнікі ансамбля неаднойчы выконвалі не толькі ў родным Маркаве, але і на раённых, абласных святах, фестывалях. Спявалі на сцэнах сталіцы, ім апладзіравалі жыхары Масквы, Санкт-Пецярбурга, Літвы, піша газета.

За 45 гадоў некалькі пакаленняў змянілася ў калектыве. Яго сённяшні дзень – гэта 17 удзельнікаў. Сярод іх – акампаніятар, музыкант з кансерваторскай адукацыяй, аўтар песень Леанід Алейнік, самадзейныя артысткі Галіна Стрыга, Марыя Хадзюнь, Тамара Тукайла, Тамара Скрыба, Марыя Баран, Вольга Сапач, Таццяна Страдаева, Людміла Асіповіч, Алена Варанецкая, Ганна Кулеш, Алена Страдаева, Ірына Карташэвіч, Наталля Козел, Марына Чарняўская і іншыя. Яны рознага ўзросту, розных прафесій. Беларуская песня аб’яднала іх, зрабіла аднадумцамі і сябрамі.

З першага дня ўтварэння ансамбля яго кіраўніком была Вера Дорах, мясцовая настаўніца рускай мовы і літаратуры больш чым з 40-гадовым педагагічным стажам, удастоеная званняў «Заслужаная настаўніца БССР», «Выдатнік асветы БССР».

Вера Мікітаўна Дорах

Изображение 1

Сюрпрызам для яе стала віншаванне былых вучняў, у якіх 40 гадоў таму яна была класным кіраўніком. Прыемна, што прыехалі падтрымаць яе і блізкія, сваякі, працягвае пісаць газета.

Яна стала ініцыятарам стварэння ў Доме культуры музея «Маркаўчанкі», з’яўляецца старшынёй пярвічнай ветэранскай арганізацыі Маркаўскага сельсавета. У гэты дзень старшыня раённага савета ветэранаў Станіслава Зубкова ўручыла ёй знак «Ганаровы ветэран Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў», а таксама энцыклапедыю «Кто есть кто в Республике Беларусь. Люди дела», у якой змешчаны звесткі і пра Веру Дорах.

«Маркаўчанка» і яе кіраўнік прымалі віншаванні ад дырэктара раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці Ганны Уладыка, загадчыцы арганізацыйнага аддзела Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры Галіны Ляйко, метадыста па фальклоры Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Анастасіі Комлік-Ямацінай, старшыні Маркаўскага сельвыканкама Івана Мацэвіча, дырэктара Маркаўскага СДК Людмілы Асіповіч.

Прыемныя словы адрасавала віноўнікам урачыстасці вядучая і сцэнарыст мерапрыемства Анастасія Багушэвіч. Прыехалі з Раёўкі, каб павіншаваць калег па сцэне, удзельнікі вакальнай групы «Асалода». Радавала гасцей і вакальная група «Сузор’е» Маркаўскага дома культуры.

Усе ўдзельнікі ансамбля атрымалі дыпломы, падарункі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. А падарункам для гледачоў стала вялікая праграма «Маркаўчанкі», якая, дарэчы, дазволіла калектыву ў чарговы раз пацвердзіць званне народнага.

Гучалі як старажытныя песні, так і сучасныя. І самабытныя танцы падрыхтавалі – тустэп, кракавяк, падэспань, «На рэчаньку». Асобным блокам гучалі творы, напісаныя Леанідам Алейнікам. Сярод іх і песня-візітка на словы Таццяны Жукоўскай. Адбылася прэм’ера новага твора «Не ўсё ў жыцці ў апошні раз», створанага спецыяльна да юбілею.

Паводле «Маладзечанскай газеты»

Читайте также

Дубль Грихутика и сплошные разгромы – в Молодечно третий тур мини-футбольного чемпионата расщедрился на голы
На площадке Спортивно-развлекательного центра в Молодечно вечером 20 октября состоялся третий тур 10-го открытого чемпионата города по мини-футболу. «Мехатроника», «Молодечногаз» и «Клуб болельщиков» наколотили в ворота своих соперников 20 мячей на троих.
Хайп или свое родное, народное? Прошли по Молодечно, посмотрели, хайпуют ли торговцы на теме усопших
Осенью традиционно поминают усопших. В разных странах свои традиции. Что ближе жителям Беларуси: свои традиции или яркий американо-европейский хайп?
Фура сбила пешехода с велосипедом в Воложинском районе
Недалеко от деревни Покути Воложинского района вечером 23 октября на ивенецкой автодороге фура «Рено» сбила 61-летнего мужчину, который шел по краю проезжей части и катил велосипед. Пешеход лечит травмы в больнице.