У Маладзечне плануюць заглушыць смеццеправоды, калі даўкамплектуюць пляцоўкі кантэйнерамі для раздзельнага смецця
Да 1 верасня ў Маладзечне плануецца даўкамплектаваць 36 кантэйнерных пляцовак дадатковымі кантэйнерамі для раздзельнага збору смецця.
Акрамя таго, яшчэ адзін пункт па прыёме другаснай сыравіны будзе створаны ў раёне палігона цвёрдых бытавых адходаў. Аб гэтым паведаміла начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела УП «Камунальнік» Таццяна Паляковіч, піша “Маладзечанская газета”.
За некалькі гадоў на многіх пляцоўках для смецця з’явіліся спецыяльныя кантэйнеры, дзе жыхары могуць пакінуць шкло, макулатуру і пластык. На вахтах інтэрнатаў «Камунальніка», а таксама ва ўсіх домакіраўніцтвах горада і ў галоўным офісе ўнітарнага прадпрыемства ўстаноўлены кантэйнеры для збору адпрацаваных батарэек.
У горадзе і раёне дзейнічае некалькі пунктаў па прыёме другаснай сыравіны.
– На жаль, да гэтага часу не ўсе зразумелі, што бытавыя адходы неабходна падзяляць на віды і выкідваць у розныя кантэйнеры, – падкрэсліла Таццяна Паляковіч. – Найбольш адказна падыходзіць да раздзельнага збору смецця моладзь. А вось пажылым людзям трэба дадаткова тлумачыць, чаму шклабой і бульбяное шалупінне нельга скідваць у адзін пакет. Між тым, як сведчыць сусветны вопыт, раздзельны збор адходаў карысны не толькі для экалогіі, але і для эканомікі. Такім чынам у гаспадарчы абарот уцягваюцца дадатковыя матэрыяльныя рэсурсы.
За першы квартал года УП «Камунальнік» здало для далейшай перапрацоўкі:
– 127 тон макулатуры,
– 82 тоны шклабою,
– 20 тон палімераў,
– 11 тон тэкстылю,
– 25 тон зношаных шын.
Гэта другасная сыравіна паступіла на перапрацоўчыя прадпрыемствы Мінскай вобласці.
У дамах, дзе ёсць смеццеправоды, арганізаваць раздзельны збор цвёрдых бытавых адходаў даволі складана. Калі жыхары ніжніх паверхаў яшчэ праяўляюць свядомасць, то іх суседзі зверху пераважна пазбаўляюцца ад смецця традыцыйным спосабам (усё ў адзін пакет).
Калі ўсе кантэйнерныя пляцоўкі ў горадзе будуць даўкамплектаваныя дадатковымі кантэйнерамі для раздзельнага збору смецця, смеццеправоды плануецца заглушыць.
Таксама аб праблеме збору смецця ў дачных кааператывах –
пункты па прыёме другаснай сыравіны створаны ў арганізацыях раёна:
– На тэрыторыі структурнага падраздзялення «Спецаўтагаспадарка» (г. Маладзечна, вул. Велікасельская, 38в).
– На тэрыторыі ЖРЭУ №2 (г. Маладзечна, вул. Таўлая, 7).
– На тэрыторыі лазні №5 УП «Камунальнік» (г. Маладзечна, вул. Паркавая).
– На тэрыторыі ЖКГ «Радашковічы» (г.п. Радашковічы, вул. Набярэжная).
– На тэрыторыі ЖКГ «Чысць» (п. Чысць, вул. Гастэлы, 10).
Паводле “Маладзечанскай газеты”