Біягазавую ўстаноўку пад Маладзечна плануюць здаць у канцы восені (ФОТА)
За два месяцы тут зманціравана асноўнае абсталяванне. Цяпер ідзе пракладка ўнутраных камунікацый. Верасень, кастрычнік і лістапад адведзены пад пусканаладачныя работы і выхад на праектную магутнасць.
Здача аб’екта ў эксплуатацыю запланавана на апошнi дзень восені, паведамляе «Маладзечанская газета».
Край.бай раней пісаў пра тое, што біягазавы комплекс коштам 2 160 000 еўра будзе ўведзены ў эксплуатацыю ў вёсцы Мароські.
Праект па ўзвядзенні біягазавай устаноўкі ў Маладзечанскім раёне рэалізуецца ў рамках пагаднення паміж урадам Беларусі і Еўрапейскім саюзам. Кошт аб’екта складае больш за два мільёны еўра, а абсталяванне для яго паставіла нямецкая фірма «LTV».
Праектная электрычная магутнасць комплексу — 500 кВт, расказаў В. Вінічэнка, дырэктар ЗАТ «Кэмпі», падраднай арганізацыі.
В. Вінічэнка
На аб’екце таксама заняты спецыялісты ААТ «Спецбудмеханізацыя», ТАА «М-Тэх», ТАА «Бабруйскбудмеханізацыя» і іншых прадпрыемстваў.
Даведка «Маладзечанскай газеты»: Першая ў Беларусі біягазавая ўстаноўка была ўведзена ў эксплуатацыю ў 2008 годзе. Цяпер у рэспубліцы дзейнічаюць 11 падобных аб’ектаў. Тры з іх працуюць на газе, які ўтвараецца пры гніенні арганічных адходаў на звалках, шэсць — на адходах сельскагаспадарчай і два — на адходах прамысловай вытворчасці.
Вырашэнне праблемы ўтылізацыі адходаў жывёлагадоўлі
— Біягазавыя комплексы — асноўны спосаб вырашэння праблемы ўтылізацыі адходаў жывёлагадоўлі, — падкрэсліла інжынер-тэхнолаг ЗАТ «Кэмпі» Юлія Сіняўская. — Свежы гной нельга вывозіць на палі. У ім знаходзяцца насенне пустазелля і небяспечныя для навакольнага асяроддзя мікраарганізмы. Месцы збору гною пры фермах займаюць вялікія плошчы. Да таго ж, не ўсе яны герметычныя. Арганіка часта трапляе ў грунтавыя і паверхневыя воды, атручвае іх.
Юлія Сіняўская, інжынер-тэхнолаг ЗАТ
Наогул, утылізаваць вялікую колькасць арганікі здольныя бактэрыі, якія выпрацоўваюць метан (галоўны кампанент біягазу). Яны актыўна размнажаюцца ў бескіслародным асяроддзі. Тэхналогія гэта практычна безадходная. Пры спальванні біягазу можна атрымаць электрычную і цеплавую энергію. Перагной, які застаецца пасля ферментацыі і браджэння, – цудоўнае ўдабрэнне. Вада, што ўтрымліваецца ў адходах жывёлагадоўлі, не трапляе ў прыроду, а выкарыстоўваецца паўторна.
— На Маладзечаншчыне ёсць некалькі буйных вытворцаў малака, ялавічыны і свініны, — дадала інжынер-тэхнолаг. — Таму біягазавы комплекс у аграфірме «Лебедзева» можа палепшыць экалагічную сітуацыю ва ўсім раёне. Не трэба забываць і аб эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў, якую дае ўкараненне падобных тэхналогій.
Праектная магутнасць кожнай устаноўкі — 250 кВт. Электраэнергія, атрыманая з альтэрнатыўных крыніц, будзе пастаўляцца ў энергасістэму раёна. Гарачая ж вада будзе выкарыстоўвацца для работы самой устаноўкі, а таксама для абагрэву малочнатаварнай фермы. Кіраванне біягазавым комплексам аўтаматычнае.
Паводле «Маладзечанскай газеты»