У Палачанах Маладзечанскага раёна выбралі самую лепшую карову
Кароў як на падбор сельскагаспадарчыя прадпрыемствы вобласці прывезлі ў Палачаны (Маладзечанскі раён) за дзень да конкурсу, мэта якога - паказаць спецыялістам, як трэба правільна адбіраць жывёлу.
Восем племянных заводаў Мінскай вобласці, сярод якіх СВК “Агракамбінат Сноў”, УП “Агракамбінат “Ждановічы”, СВК “Гарадзея”, дзяржаўнае прадпрыемства РСУП “Саўгас ”Слуцк”, прывезлі жывёлу на конкурс кароў племянных сельскагаспадарчых арганізацый, што прайшоў на базе СВК “Палачаны” Маладзечанскага раёна. Аб гэтым піша 17 лістапада “Мінская праўда”.
На працягу некалькі гадзін журы, якое ўзначаліла намеснік начальніка ўпраўлення па племянной справе галоўнага ўпраўлення інтэнсіфікацыі жывёлагадоўлі і харчавання Мінсельгасхарча Таццяна Сергіеня, ацэньвала канкурсантак па ўсіх заатэхнічных параметрах. Улічваліся канстытуцыя кароў, адпаведнасць пародзе малочнага напрамку, знешні выгляд, прадуктыўнасць і інш.
Усе ўдзельніцы конкурсу былі галштына-фрызскай пароды. Парода гэта малочная, а кароў вельмі лёгка пазнаць па чорна-белай масці, могуць даваць у суткі да 62 літраў малака. Спакойныя, лёгка адаптуюцца да ўмоў утрымання, добра сябе адчуваюць як на пашы, так і ў закрытых памяшканнях.
“Наколькі мне вядома, падобных конкурсаў у вобласці яшчэ не было, - сказаў, адкрываючы мерапрыемства, першы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандр Замжыцкі. - А праводзім яго для таго, каб паказаць спецыялістам, як трэба правільна выбіраць і адбіраць жывёлу, бо малочная галіна для нас пакуль што ахілесава пята”.
Як адзначылі старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Мінскага аблвыканкама Віталь Грышанаў і намеснік старшыні па жывёлагадоўлі аблсельгасхарча Уладзімір Бабёр, павысіць надоі можна толькі за кошт высокапрадуктыўных парод: “У 2002-м у вобласці даілі тры тысячы літраў малака на карову. На сёння мы маем больш пяці, і будзем старацца, каб малочная жывёлагадоўля ішла ўперад. А для гэтага патрэбны як кармавая база, так і селекцыйная работа”.
У многіх сельскагаспадарчых арганізацыях вобласці яна праводзіцца ўжо сёння, і конкурс племянных кароў таму пацвярджэнне. Лепшай у вобласці па прадуктыўнаму і генетычнаму патэнцыялу прызнана карова з агракамбіната “Сноў”, на другім месцы прадстаўніца племзавода “Чырвоная зорка”, што ў Клецкім раёне, на трэцім - “ЖодзінаАграПлемЭліта”.
Аб выставе племянных жывёл у Маладзечна можна прачытаць ТУТ.
Па матэрыялах "Мінскай праўды"