Заяўкі на аратарска-паэтычны батл

Усіх, каму ёсць што сказаць пра сваё разуменне жыцця, запрашаем прыняць удзел у аратарска-паэтычным батле “Шчыра кажучы!”, акі ладзіць моладзевы творчы рух "Час жыць!" у межах Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў "Маладзечна-2018".

Батл адбудзецца 9 чэрвеня а 15 гадзіне на пляцоўцы ля цэнтральнага ўваходу ў парк Перамогі горада Маладзечна і будзе складацца з 3 частак:

1 частка. “Як слова наша адгукнецца..” – паэтычны батл (чытанне вершаў, верлібраў, у тым ліку аўтарскіх).
2 частка. “Чалавек слова” – батл аратараў, дзе можна выступіць з загадзя падрыхтаванай публічнай прамовай (разнастайныя жанры, у тым ліку стэнд-ап).
3 частка. “Свабодны мікрафон” – аратарскі экспромт на зададзеную тэму, у якім можа прыняць удзел любы ахвотны.

Запрашаюцца ўдзельнікі без узроставых абмежаванняў, якія валодаюць базавымі навыкамі красамоўства.

Працягласць выступу да 4 хвілін. Магчыма выкарыстанне музычнай і аўдыёпадтрымкі (загадзя агаворваецца з гукарэжысёрам).

1. Крытэрыі ацэньвання паэтычнага батла:
1) Змест (глыбіня тэмы, вобразнасць мовы)
2) Культура маўлення (правільнасць, багацце і чысціня маўлення)
3) Выразнасць і артыстызм.

2. Крытэрыі ацэньвання аратарскага майстэрства:
1) Змест (актуальнасць тэмы, арыгінальнасць падачы)
2) Культура маўлення (правільнасць, багацце і чысціня маўлення
3) Аратарскае маўленне (натуральнасць маўлення, выразнасць, кантакт з аўдыторыяй).

3. Экспромт.
Удзельнікам трэба будзе пракаментаваць, развіць ці аспрэчыць прапанаванае яму сцверджанне. Заданне можа быць ускладнена пытаннямі, якія могуць задаць удзельніку слухачы ці вядучы батла.

Крытэрыі ацэньвання экспромта:
1) Уменне аргументаваць і пераконваць
2) Уменне імправізаваць
3) Арыгінальнасць інтэрпрэтацыі.

Прымаючы ўдзел у “Аратарскім батле”, вы зможаце:
• Атрымаць выдатную практыку вусных выступаў перад аўдыторыяй
• Палепшыць свае аратарскія навыкі
• Атрымаць зваротную сувязь ад кампетэнтнага журы, у тым ліку іх слушныя рэкамендацыі.

Усе ўдзельнікі батла будуць узнагароджаны дыпломамі.

Заяўкі прымаюцца да 4 чэрвеня – іх можна пакідаць у каментарыях да інфармацыі ў ВКонтакте ці па тэлефонах (029) 753-52-60, (029) 878-42-64.

Нагадваем, што наш батл праходзіць у межах Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі, таму будзе вельмі добра, калі для выступлення вы выбераце творы на беларускай мове.