Вінцук Вячорка з новай кнігай у Маладзечне
У нядзелю, 14 студзеня, Таварыства беларускай мовы імя Ф Скарыны запрашае ўсіх аматараў прыгожага слова на чарговую сустрэчу з мовазнаўцам і журналістам Вінцуком Вячоркам, якая адбудзецца ў арт-прасторы "Наталь" у Маладзечне па адрасе вул. Касманаўтаў, 8А.
У межах імпрэзы адбудзецца прэзентацыя зборніка «Не сьмяшыце мае прыназоўнікі» – працяг папулярнай кнігі "Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам", дзе аўтар дасціпна і дасведчана распавядае, як казаць дакладна і прыгожа дома, у краме, у дарозе, на іспытах, каб родная мова жыла ўсюды. Першая кніга «Бібліятэкі» на падставе відэаперадачаў – Скарына быў бы ўражаны.
Пачатак а 13.30. Уваход вольны.
„Не сьмяшыце мае прыназоўнікі“
Другая кніга серыі „Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам“. Укладзеная на падставе нарысаў пра мову, што гучалі, публікаваліся, паказваліся на Радыё Свабода. Інтрыгуе чытача невядомымі або наноў адкрытымі фактамі пра нашую мову ды яе багаццямі.
Аўтарам кіруе пачуццё справядлівасці: нашая мова магла б развіцца інакш, каб літаратура і мовазнаўства не паляглі ў курапацкіх ямах. А па-беларуску вычарпальна й прыгожа сказаць можна пра ўсё. І жыць па-беларуску, і чуць беларускія словы ад усіх – ад крамніцы да страхавога агента і паліцыянта.
Кніга адкажа на пытанні:
– Як па-беларуску „пылесос“ і якой нацыянальнасьці Змей Гарынавіч?
– Якія асацыяцыі ў беларусаў са словам БАЦЬКА?
– Як павінна быць па-руску: Белоруссия ці Беларусь, белорус ці беларус?
А яшчэ:
– Як па-беларуску „Орёл или решка“?
– У беларусаў апошняя чарка – толькі адна! Як яна называецца?
Для абарыгенаў сацыяльных сетак:
– Як эканоміць у твітах?
– Беларускі шкалярскі жаргон: як па-нашаму „шпаргалка“ і „камчатка“?
І ўрэшце:
– Адкуль назва „Не сьмяшыце мае прыназоўнікі“?
Бо аўтар шукае повязяў мовы з менталітэтам. Чаму па-беларуску Віктар ажаніўся з Вольгай, а па-руску Виктор женился на Ольге? Нехта палохае свет атамнымі „Іскандэрамі“ – а ў нас іншыя крыніцы гонару і самапавагі.