Уличная фотовыставка «Колорит Молодечненского района»

Якая наша рэгіянальная кухня? Навошта праводзіць «Луку»? Што такое сямейная абраднасць? Адказы на гэтыя і іншыя пытаннні можна знайсці на… вулічнай фотавыставе ў Цэнтралізаванай клубнай сістэме.

На экспазіцыі «Каларыт Маладзечанскага краю» прадстаўлены фотаздымкі з этнаграфічнай экспедыцыі па 20 населеных пунктах рэгіёна. Рэгіянальная кухня, абрады «Лука» і «абраканне», маляваны дыван, вясельныя рушнікі і шмат іншых фота можна пабачыць з 9 жніўня па 9 верасня. Выстава будзе працаваць перад уваходам ва ўстанову клубнай сістэмы з 9.00 да 17.00.

Дадатковая інфармацыя па нумары 77-28-52.

***

У Год малой радзімы як ніколі актуальна звярнуцца да сваіх каранёў, сваёй спадчыны. Так, з 10 па 16 чэрвеня 2019 года Вольга Трубач, вядучы метадыст па фальклоры Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Маладзечанскага раёна, разам з удзельнікамі этнаграфічнага клуба «Кола» і актывістамі з Мінска, Барысава і Бабруйска здзейснілі этнаграфічную экспедыцыю па Маладзечанскім раёне. Яе мэтай было даследванне матэрыяльнай і нематэрыяльнай традыцыйнай культуры нашага рэгіёна. Удзел прынялі 11 чалавек.

На працягу тыдня было даследавана 20 населеных пунктаў: Бортнікі, Пранчэйкава, Русалішкі, Сысуны, Кухары, Выдрычы, Гасцілы, Пятроўшчына, Селеўцы, Рэдзькі, Гердуцішкі, Шалыгі, Кучкі, Скавародкі, Лебедзева, Готкавічы, Заскавічы, Беніца, Дубрава, Маліноўшчына.

Вынікам этнаграфічнай экспедыцыі стала каштоўная інфармацыя, якую зафіксавалі:

- абрад «Лука» (дарэчы, спецыфічны для Маладзечанскага раёна, дзейнічае і на сённяшні дзень);
- музыкі раёна;
- рэгіянальная кухня;
- абраднасць: Купалле (у тым ліку купальскія песні), Траецкія дзяды, Вялікдзень (валоўнікі), Каляды;
- сямейная абраднасць: вяселле (запісаны вясельныя песні);
- абрад абракання падчас Другой сусветнай вайны;
- народная паэзія – прыпеўкі;
- танцы і інш.

Зафіксаваны ўнікальныя артэфакты: маляваны дыван 1943 г. у в. Кучкі, выраблены маладзечанскім майстрам Сахутам, а таксама вясельны імянны ручнік, які быў падораны ў калекцыю Цэнтра традыцыйнай культуры і побыту в. Плябань. Таксама жыхары вёсак перадалі даматканае палатно, настольнікі, ручнікі.