Творчы праект «Музычная спадчына Радзімы» у амфітэатры
Запрашаем 3 верасня ў маладзечанскі амфітэатр на творчы праект «Музычная спадчына Радзімы» – гастрольна-канцэртны тур студэнцкага духавога аркестра, прымеркаваны да 90-годдзя з дня нараджэння Народнага артыста СССР і БССР, прафесара Я.А. Глебава і Года малой радзімы ў Рэспубліцы Беларусь.
Напярэдадні юбілею Яўгена Аляксандравіча Глебава – аднаго з выдатных беларускіх кампазітараў, класікаў айчыннай кампазітарскай школы, які амаль 30 гадоў свайго жыцця аддаў працы ў Акадэміі музыкі, – студэнцкі духавы аркестр пад кіраўніцтвам дырыжора, дэкана аркестравага факультэта, лаўрэата міжнародных конкурсаў, стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Максіма Рассохі выканае яго музыку ў канцэртах фармату open-air на адкрытых пляцоўках Мінска і абласных цэнтраў Беларусі. Нашаму гораду як культурнай сталіцы роднага краю таксама пашанцавала.
У рамках творчага праекта акадэміі будзе гучаць музыка Я.А. Глебава з савецкіх кінафільмаў, знятых на кінастудыі «Беларусьфільм» у 60–70-я гады: «Пасля кірмашу», «Вясновая казка», «Апошняе лета дзяцінства», «Траянскі конь», «Тры вясёлыя змены», «Леташняя кадрыля», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Я родам з дзяцінства», «Саша-Сашанька».