Пресс-клуб в Молодечно. Встреча представителей медиа и активных горожан

Маладзечна – горад, які можа пахваліцца актыўнымі жыхарамі. Мясцовыя актывісты і энтузіясты стараюцца напаўняць жыццё горада цікавымі падзеямі і добрымі справамі.

Якім чынам творчая і сацыяльная актыўнасць маладзечанцаў адлюстраваная ў медыях? Ці трапляюць грамадскія актывісты на першыя палосы? Як асвятленне дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў і ўчынкаў неабыякавых жыхароў уплывае на гарадскую рэчаіснасць? Як актывістам прыцягваць увагу да сябе?

Грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» і Цэнтр даследавання грамадскага кіравання SYMPA запрашаюць журналістаў, блогераў і актыўных гараджан абмеркаваць гэтыя важныя пытанні і разам знайсці магчымыя рашэнні на сустрэчы прэс-клуба, якая адбудзецца 27 красавіка ў Маладзечне.

Вынайсці сакрэт паспяховай супрацы актывістаў і медыя дапамогуць дасведчаныя спікеры:

- Антон Кашлікаў (Мінск) – галоўны рэдактар 34mag.net і 34travel.me, медыякансультант;
- Зоя Хруцкая (Маладзечна) – старшыня маладзечанскай філіі БАЖ, загадчыца аддзела інфармацыі «Рэгіянальнай газеты»;
- Cвятлана Цішко (Маладзечна) – галоўная рэдактарка інфармацыйнага партала Kraj.by;
- Вольга Трубач (Маладзечна) – кіраўніца этнаграфічнага клуба KOLA.

Вы – грамадскі актывіст, ладзіце цікавыя мерапрыемствы, абараняеце і прасоўваеце грамадскія інтарэсы і пра вас не піша прэса? Спытайце, чаму!

Вы – журналіст ці блогер, і грамадскія актывісты дасылаюць вам няўцямную інфармацыю ці нецікавыя запрашэнні? Падзяліцеся, як пісаць так, каб гэта вас зачапіла.

27 красавіка, Маладзечна, вул. Вялікі Гасцінец, 52. Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М.-К. Агінскага (малая зала).

Пачатак у 18.30. Уваход свабодны.

Даведкі: +375 (29) 712-18-03, razam@budzma.org.