У Докшыцах прайшлі спаборніцтвы па картынгу. Мясцовыя картынгісты занялі другое агульнакаманднае месца
14 ліпеня цэнтр Докшыц у восьмы раз стаў трэкам для картынга. Удзельнікі з Віцебскай вобласці і Магілёва сустрэліся на адкрытых асабіста-камандных спаборніцтвах.
Як паведамляе сайт газеты “Родныя вытокі”, на адкрыцці гонак прысутнічала намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч. Галоўны суддзя спаборніцтваў, трэнер каманды Магілёўскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці Андрэй Матвеенка, папрасіў не забывацца пра тэхніку бяспекі і ўзаемапавагу на трасе. Дзяржаўны сцяг уздымалі гаспадары спаборніцтваў – докшыцкія картынгісты. Першымі пракацілі па картадроме байкеры з Докшыц і Глыбокага.
У барацьбу хуткасці і манеўранасці ўступілі восем каманд – усяго 43 картынгісты. Самаму малодшаму з іх было шэсць год, а старэйшаму – 49. Выступалі ў сямі класах: “Малыш”, “Ракет”, “Пілот”, “Папулярны”, “Нацыянал”, “Кадэт” і “КZ-2”.
Так, докшыцкія картынгісты Георгій Казак, Аляксей Якімовіч, Дзяніс Чымны сталі пераможцамі ў сваіх класах. Прызавыя месцы занялі Уладзіслаў Рудзь і Раман Машкевіч. Такім чынам, каманда з Докшыц заняла другое месца. Каманды Палаца дзяцей і моладзі горада Полацка занялі першае і трэцяе месцы.
Па матэрыялах сайта газеты “Родныя вытокі”