Юлія Бука стварыла ў Валодзькаве Глыбоцкага раёна зімовы прытулак для састарэлых
Арганізатарка агратурызму Юлія Бука дапамагае перазімаваць састарэлым зямлячкам у адным з дамоў аграсядзібы “Родны кут”.
Напярэдадні моцных маразоў Юлія Бука прапанавала кіраўніцтву раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання пасяліць да сакавіка ў адзін са сваіх гасцявых дамоў адзінокіх пенсіянераў, піша westki.info, спасылаючыся на "Народнае слова".
Незвычайную прапанову старыя ўспрынялі з асцярожнасцю. Але, калі маразы пачалі ціснуць, сабраліся ў дарогу. Дабрацца ў Валодзькава ім дапамаглі працаўнікі сельсаветаў. У сярэдзіне снежня ў адным з дамоў сабраліся пяць адзінокіх бабуляў.
Юлія Бука і яе старыя
У Клеапатры Кавалёнак у Расіі жыве сын Георгій, але апошнім часам пра маці ён не згадвае. Затое пляменніцы рэгулярна праведваюць.
- Зімаваць хацела ў роднай хаце, - распавядае Клеапатра Іванаўна, - але неяк звалілася ад кружэння галавы, моцна пабілася. Вось тады і згадзілася часова пераехаць у Валодзькава.
У Соф’і Гінько свая сумная гісторыя. Пасля смерці сястры, з якой пражыла разам шмат гадоў, аслабла, занемагла. 84-гадовая пенсіянерка Марыя Кузьміч з вёскі Чаронка не паспела дроў на зіму нарыхтаваць. А ў Марыі Шабан і хаты няма – апошні час жыла то ў радні, то ў знаёмых. Лічыць, што перабірацца ў аддзяленне кругласуткавага знаходжання ёй рана. Як толькі прыйдзе вясна, вернецца да сваіх. Вясну чакае і Уршуля Рудак. Пляменніца, якая паехала ў Мінск глядзець малога ўнука, будзе там да сакавіка, а пасля абяцае забраць цётку да сябе.
- Галоўнай маёй умовай, - распавядае Юлія Бука, - было тое, каб бабулі маглі за сабой глядзець. У доме ёсць гарачая і халодная вада, душавая кабіна, прыбіральня. Мне вельмі хацелася, каб яны самі маглі гатаваць есці. Але, на жаль, найперш прывезлі тых, каму і гэта ўжо не па сілах. Двум старым ежу падаю ў ложак.
- Песціць яна нас, - кажа Клеапатра Кавалёнак. – Увечары запытвае, чым заўтра пачаставаць. Умее і любіць гатаваць. То зробіць малочную зацірку, то кашу зварыць. А якія смачныя бліны з мачанкай, катлеты, дранікі гатуе! Мяса на стале заўсёды ёсць.
Бабулі плацяць за пражыванне, цяпло, святло, харчаванне. Астатнія грошы трацяць на свае патрэбы: лекі, прысмакі. Праўда, да аўталаўкі, што прыязджае ў вёску, не ходзяць: марозна і слізка. Да бабулек прыходзяць на сяло мясцовыя жыхаркі. Бліжэйшымі днямі жанчыны чакаюць ксяндза і бацюшку.
Яшчэ спадарыня Юлія як сацыяльны работнік двойчы на тыдзень праведвае 84-гадовую Клеапатру Белую, што жыве за некалькі кіламетраў ад Валодзькава, дапамагае прыбраць у хаце, гатаваць есці, прынесці дроў.
* * *
“Родны кут” – агратурыстычная сядзіба ў вёсцы Валодзькава Глыбоцкага раёна. У 2011 годзе “Родны кут” быў адзначаны ўзнагародай на рэспубліканскім конкурсе ў намінацыі “Зялёная сядзіба”.
Па матэрыялах westki.info