У Мінску 24 жніўня распачаўся міжнародны кінафестываль “Magnificat”, які пройдзе таксама ў Глыбокім
На фестывалі, які працягнецца да 28 жніўня, будуць прадстаўлены 43 кінастужкі з розных краін свету, пераважная колькасць якіх з Расіі, Беларусі і Польшчы.
24 жніўня святой Імшой у Архікатэдральным касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску распачаўся юбілейны Х Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлевізійных праграм "Magnificat-2014", паведамляе catholic.by.
Святую Імшу ўзначаліў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, таксама былі дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, арганізатары, удзельнікі фестывалю і вернікі, якія ў гэты час прыйшлі на нядзельную эўхарыстыю.
Мітрапаліт агучыў дэвіз фестывалю: “Каб усе былі адно”.
У дзень адкрыцця першыя працы былі прадстаўлены ў касцёле св. Сымона і Алены ў Мінску. 25 жніўня ўдзельнікі фестывалю пераязджаюць на поўнач Беларусі, у Глыбокае, дзе і працягнецца паказ. Апрача Глыбокага, некалькі карцін будуць прадстаўлены ў мясцовасці Удзела.
Юбілейны фестываль праводзіцца ў юбілейны год таксама для яго заснавальніка і арганізатара, рэжысёра Юрыя Гарулёва, якому ў 2014 годзе спаўняецца 70 год. Сам арганізатар адзначыў высокую якасць прац, падкрэсліўшы, што кожная стужка, якая будзе прадстаўлена ў конкурсе, магла б стаць удзельнікам любога іншага міжнароднага кінафестывалю.
Таксама ён паведаміў, што ў гэтым годзе на алеі фестывалю “Magnificat” з’явяцца два дрэўцы, якія сімвалізуюць новых краін-удзельніц – Казахстан і Македонію. Згодна з традыцыяй на гэтай алеі павінна пасадзіць сваё дрэва кожная з краін-удзельніц.
Прагляд карцін распачаўся з пазаконкурснай стужкі, рэжысёрам якой з’яўляецца, светлай памяці, Кардынал Казімір Свёнтак, 100 гадоў з дня нараджэння якога адсвяткуюць 21 кастрычніка 2014 года.
Як адзначыў Юрый Гарулёў, які здымаў фільмы пра кардынала і якому даводзілася шмат кантактаваць з іерархам: “Аднойчы ён паклаў перада мною плёнкі, на якіх было напісана "Фільмы Казіміра Свёнтка", а потым запытаў, ці магчыма змантаваць асобныя плёначныя выявы і музычнае агучванне. І мы змантавалі тое, што ў яго было. Дамовіліся выпусціць трыпціх – тры дыскі, на кожным змяшчаецца па шэсць фільмаў кардынала”.
Адзін з такіх фільмаў з назвай “Над вадою” якраз і быў прадстаўлены на пачатку паказу конкурсных фільмаў.
Распавядаючы пра гэтую стужку, рэжысёр Юрый Гарулёў адзначыў прафесіяналізм мантажных лістоў кардынала: “Я быў вельмі здзіўлены, бо праца кардынала была прафесійнай, нягледзячы на аматарскую плёнку. Пасля я шмат размаўляў на гэту тэму з кардыналам, а ён адказваў, што ўсё вынікала з любові, “фанатычнай у добрым сэнсе”, да Палесся. Кардынал сам выязджаў, быў у лесе і запісваў гукі, такатанне цецерукоў, напрыклад, выконваў дэтальную працу”.
Паводле catholic.by