«Шануем славутае імя яго». 155-годдзе з дня народзінаў Ігната Буйніцкага адсвяткуюць у вёсцы Празарокі Глыбоцкага раёна
Глыбоччына святкуе юбілей свайго славутага земляка, заснавальніка першага прафесійнага нацыянальнага беларускага тэатра Ігната Буйніцкага. Вялікае свята з нагоды 155-й гадавіны з дня народзінаў акцёра, рэжысёра, тэатральнага дзеяча пройдзе 21 жніўня ў вёсцы Празарокі.
Наш партал пісаў пра тое, што з нагоды юбілея Ігната Буйніцкага ў Глыбоцкім гісторыка-этнаграфічным музеі адкрываецца выстава.
Пра свята ў Празароках распавяла Край.бай дырэктар Глыбоцкай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Алена Заяц:
– Мы назвалі свята “Шануем славутае імя яго”. Святочныя мерапрыемствы пачнуцца ў 13.00. Святая імша пройдзе ў касцёле Маці Боскай. Яна працягнецца да 14.00. Пасля імшы ля помніка Буйніцкаму адбудзецца мітынг з ускладаннем кветак. Урачыстае адкрыццё свята запланаванае на 14.30.
Па словах Алены Заяц, канцэртная частка праграмы пройдзе ў Доме культуры з 15.00 да 19.00.
На сцэне выступяць творчыя калектывы Глыбоччыны:
– народны тэатр фальклору “Цярэшка”;
– народны ансамбль народнай песні “Крынічанька”;
– фальклорны калектыў Празароцкага сельскага дома культуры;
– драматычны калектыў Празароцкага сельскага дома культуры са спектаклем “Вясковы дзень”;
– ансамбль песні “Суседзі” Азярэцкага цэнтра культуры.
Адбудзецца вечарына “А музыкі граюць”.
На працягу ўсяго свята будуць працаваць выставы:
– выстава народнай творчасці Глыбоцкага дома рамёстваў;
– выстава народных умельцаў вёскі Празарокі;
– кніжная выстава.
Завяршыцца свята моладзевай дыскатэкай. Яна пачнецца ў 20.00 і будзе доўжыцца да 23.00.
Сяргей ЗЯНЬКО