Опубликовано: 15 октября 2013, 10:57
27

Прадстаўнік Глыбоцкага райвыканкама: У раёне скарачаецца колькасць насельніцтва

Як адзначыла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людміла Сіўцэвіч, у дэмаграфічным становішчы Глыбоцкага раёна прысутнічаюць тэндэнцыі, характэрныя для ўсёй Віцебскай вобласці: устойлівае скарачэнне колькасці насельніцтва.

Як піша 14 кастрычніка “Веснік Глыбоччыны”, нядаўна на чарговым пасяджэнні райвыканкама разглядаўся ход выканання ў Глыбоцкім раёне Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады. Дакладвала па гэтым пытанні начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людміла Сіўцэвіч. Газета прапануе гутарку з ёй на гэту тэму.

– Як у цэлым складваецца дэмаграфічная сітуацыя ў Глыбоцкім раёне ад пачатку года?

– Галоўнай мэтай праграмы дэмаграфічнай бяспекі з’яўляецца стабілізацыя колькасці жыхароў раёна. На жаль, за восем месяцаў гэтага года памерла людзей у 1,7 раза больш, чым нарадзілася. Можна сказаць, існуючы ўзровень нараджальнасці забяспечвае замяшчэнне пакаленняў толькі на 60,2%. Аднак, калі параўноўваць з аналагічным перыядам мінулага года, станоўчая тэндэнцыя прысутнічае. Летась за восем месяцаў нарадзілася 250 дзяцей, а сёлета ўжо – 288.

– Відавочна, што ўмацаванне інстытута сям’і, сямейных каштоўнасцей у пэўнай меры стымулюе павышэнне нараджальнасці.

– Сапраўды так. Неабходна яшчэ са школьных гадоў выхоўваць нашых дзяцей на лепшых сямейных традыцыях. Менавіта ў гэтым напрамку працуюць як калектывы ўстаноў адукацыі, так і ўсіх структурных падраздзяленняў іншых ведамстваў. Вялікі клопат па ўмацаванні сямейных каштоўнасцей праяўляюць рэлігійныя абшчыны.

Паколькі ў раёне 61% сем’яў – гэта сем’і, дзе выхоўваецца пакуль адно дзіцё, то, натуральна, важнейшай задачай павінна стаць павелічэнне колькасці сем’яў з двума, трыма і больш дзецьмі. У гэтым плане маем пазітыўныя зрухі: калі ў 2005 годзе на долю нараджэння ў сем’ях другога дзіцяці прыходзілася 33%, то за восем месяцаў гэтага года – 37,6%, а на долю нараджэння ў сем’ях трэцяга дзіцяці, адпаведна, 9% ў 2005 годзе і 26,1% сёлета. Хачу заўважыць, што ў раёне павялічылася і колькасць шматдзетных сем’яў. Калі ў 2012 годзе іх налічвалася 339, то зараз – 371. У 324 сем’ях гадуюць па тры, у 36 – па чатыры, у 6 – па пяць і ў 5 – па шэсць і больш дзяцей.

– Матэрыяльны дастатак, наяўнасць уласнага жылля ў пэўнай меры стымулююць і нараджальнасць, і прыток маладых рабочых рук.

– Відавочна, што адным з важнейшых фактараў павелічэння нараджальнасці з’яўляецца дастойны ўзровень зарплаты і забяспечанасць сям’і жыллём. Што датычыцца зарплаты, то за студзень-жнівень гэтага года ў сярэднім па раёне яна раўняецца 3 млн 976 тыс. рублёў альбо 455 доларам ЗША. У вобласці з усіх раёнаў па гэтым паказчыку мы на шостым месцы.

Па стане на 1 верасня 2013 года ў агульнай чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў налічваецца 1 793 чалавекі. Дарэчы, у мінулым годзе было ўведзена ў эксплуатацыю 19 364 кв. метры жылля, сёлета плануецца ўвесці 15 500 кв. метраў. За мінулы год палепшылі свае жыллёвыя ўмовы 23 шматдзетныя сям’і.

Трэба сказаць, што і для замацавання маладых спецыялістаў кіраўніцтвам раёна прымаецца нямала мер. Самая пільная ўвага – на вырашэнне жыллёвай праблемы. З 61 спецыяліста, маючага патрэбу ў жыллі, 72% здымаюць жылую плошчу і толькі 28% выдзелены пакоі ў інтэрнатах. Вось чаму неабходна будаваць жыллё. 200 маладым сем’ям у адпаведнасці з заканадаўствам аб дзяржаўнай падтрымцы пры будаўніцтве (рэканструкцыі) альбо набыцці жылля, уключаючы льготнае крэдытаванне індывідуальнага будаўніцтва, на спажывецкія патрэбы прадстаўлена крэдытаў на агульную суму 8 млрд 512 млн рублёў. За 2012 год на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў сталі 34 маладыя сям’і, а 51 маладая сям’я ў мінулым годзе ўжо справіла наваселле ў новым жылым мікрараёне па вуліцы Паўночнай.

– Негатыўны момант у сферы сямейных узаемаадносін – разводы. Як выглядае сітуацыя з гэтым у раёне?

– За перыяд з 2000-га па 2012 год на 100 зарэгістраваных шлюбаў прыходзілася ад 56 да 45 разводаў. Аднак у гэтым годзе намецілася, дзякаваць Богу, станоўчая тэндэнцыя. За восем месяцаў больш чым на 50% знізілася колькасць разводаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

– Як зменшыць так званае натуральнае выбыццё насельніцтва?

– Менавіта над гэтай задачай і павінны ўсе мы працаваць. Найбольшае натуральнае выбыццё насельніцтва назіралася за апошняе дзесяцігоддзе ў 2005 годзе – 623 чалавекі, найменшае – у 2012-м – 276. Ва ўсіх узроставых групах смяротнасць мужчын перавышае смяротнасць жанчын. Самай распаўсюджанай прычынай смяротнасці застаюцца хваробы сістэмы кровазвароту.

Аб грамадзянах пажылога ўзросту. У раёне функцыянуюць тры бальніцы сястрынскага дагляду на 55 ложкаў, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, псіханеўралагічны дом-інтэрнат. Раённы выканаўчы камітэт зараз хадайнічае аб рэканструкцыі будынка колішняй Мосарскай школы з далейшым стварэннем тут аддзялення кругласутачнага знаходжання састарэлых і інвалідаў.

У раёне пражываюць 6 720 адзінокіх пажылых грамадзян, якія маюць працаздольных родных людзей (дзяцей), якія абавязаны пра іх клапаціцца. Аднак не заўсёды дзеці забяспечваюць сваім бацькам дастойную старасць. На надомным абслугоўванні сацыяльнымі работнікамі знаходзяцца 754 пажылыя чалавекі, 80% з іх жывуць у сельскай мясцовасці. І колькасць грамадзян такой катэгорыі з кожным годам расце.

Працягласць жыцця грамадзян пажылога ўзросту павялічылася да 69,9 года (у 2010 годзе было 69,5 года).

Асабліва непакояць выпадкі смерці і гібелі людзей працаздольнага ўзросту ад знешніх прычын. За восем месяцаў гэтага года загінула ад так званых знешніх прычын 28 чалавек (за аналагічны перыяд мінулага года – 31). Найбольш з гэтых прычын трывожаць: суіцыды – 10 чалавек, атручэнне алкаголем – 6 чалавек, гібель на пажарах – 4 чалавекі.

Па матэрыялах “Весніка Глыбоччыны”

Читайте также

Дом загорелся у 79-летней бабушки в Ошмянском районе – она растерялась и позвонила дочери
В деревне Загорняты Ошмянского района перед обедом 25 декабря горел жилой дом, в котором живет 79-летняя бабушка. Хозяйка почувствовала запах дыма и позвонила своей дочери.
Шестилетняя Вика на подтанцовке и четыре разгрома в пяти играх – 12-й мини-футбольный тур состоялся в Молодечно
Три команды из первой пятерки в таблице открытого чемпионата Молодечно по мини-футболу 22 декабря в 12 туре разгромили своих соперников. Еще два лидера встречались между собой. «Импульс» одержал волевую победу над «Клубом болельщиков ФК «Молодечно» со счетом 4:2.
Узнали в ГАИ, когда ограничат движение на улицах в Молодечно
В отделе ГАИ Молодечненского РОВД рассказали об ограничении движения в период проведения Рождества и Нового года.