Фрагмент сцяны былой яўрэйскай сінагогі знайшлі ў Глыбокім
За будынкам гасцініцы, якая знаходзіцца на вуліцы Маскоўская, 7, падчас земляных работ работнікамі ЖКГ выпадкова знойдзены рэшткі цаглянай кладкі.
Найбольшая верагоднасць, што гэта фрагмент сцяны былой яўрэйскай сінагогі, паведамляе сайт “Весніка Глыбоччыны”. Доказам гэтаму з’яўляецца наступны факт: на гэтым месцы, як сведчаць фотаздымкі 30-ых гадоў мінулага стагоддзя, раней стаяла сінагога.
Па сведчанні польскага даследчыка О. Гедэмана: “Яўрэі, якія жылі ў радзівілаўскай частцы Глыбокага і колькасць якіх паступова павялічвалася, павінны былі мець свой малітоўны дом. На пабудову яго патрабаваўся спецыяльны дазвол каталіцкіх духоўных улад. Такі дазвол ёсць ў ашмянскіх актах 1742 года. … Гэтым пісьмом дазволена яўрэям глыбоцкім у асобным месцы і ў далечыні ад касцёла, на месцы былой (была знішчана пажарам. – аўт.), адну сінагогу пабудаваць. Але яна не павінна быць падобнай на касцёл, гэта значыць, павінна быць без вежаў, з невысокім дахам і не ўзвышацца, каб ні з якога боку не здавалася падобнай на касцёл.”