“Белкартаграфія” выдала карту Глыбокага і Глыбоцкага раёна
Глыбокае адлюстравана на карце ў маштабе 1:10 000 (у 1 сантыметры – 100 метраў), а раён – 1:100 000 (у 1 сантыметры – 1 кіламетр).
Як паведамляе westki.info, карта адлюстроўвае Глыбоччыну больш дакладна, чым усе выдаваныя раней карты Беларусі або Віцебскай вобласці. Пазначаныя ўсе, нават найменшыя, вёскі і вясковыя дарогі.
Аднак выдадзеная ў 2012 годзе, карта адлюстроўвае Глыбокае па стану недзе на 2009 год. Не адзначаны апошнія пяціпавярхоўкі на Беразвецкай вуліцы (Савецкая, 248 і 250), няма дзіцячай пляцоўкі на Кагальным і сцежкі ад 1-й школы да плошчы Язэпа Корсака (17 Верасня). Памылку зрабілі картографы, калі вуліцу Язэпа Корсака, што ва ўсходняй частцы горада, падпісалі як “Коржа”.
Прамаляваныя чатыры турыстычныя маршруты – аўтобусны Глыбокае – Мосар, конны па Залесчыне, роварны Падсвілле – Пліса – Чарневічы – Празарокі – Бабруйшчына – Падсвілле ды водны праз азёры Доўгае, Шо і Пліса. Але не распрацаваны аўтамабільны маршрут.
Па матэрыялах westki.info