Опубликовано: 10 сентября 2012, 12:48
40

Адкрыццё VIII Фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлеперадач «Magnificat-2012» адбылося 9 верасня ў Мінску

10 верасня фестываль "пераязджае" ў Глыбокае.

Матэрыял пра гэта чытайце на Kraj.by пазней. Падрабязную інфармацыю пра фестываль і яго праграму можна ўбачыць ТУТ.

Як паведамляе сайт Каталіцкага Касцёла на Беларусі catholic.by, цырымонія адкрыцця фестывалю 9 верасня распачалася ў Мінску ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі святой імшой, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«Што даюць сучасныя медыя чалавеку? Што мы бачым на экранах тэлевізараў і кінатэатраў? Чым напоўнены інтэрнэт? Найчасцей сучасныя свецкія медыя шукаюць сенсацыі. Іх праграмы становяцца таварам, яны іх хочуць прадаць, і па большай цане. Такім чынам, культура ператварылася ў бізнес, і вельмі прыбытковы. Медыя запоўнены гвалтам, тэрорам, інтрыгамі, амаральнасцю», — адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч.

У такой складанай сітуацыі, па словах Мітрапаліта, хрысціянскія медыя, кіно і тэлебачанне павінны быць супрацьвагай секулярным і ліберальным медыя. Іх заданнем «ёсць несці Бога людзям, яны павінны адкрыць чалавека на Божае слова, каб потым ён мог яго несці іншым».

Сучасныя медыя, як падкрэсліў Мітрапаліт, могуць змяняць свет, калі змяняюць свядомасць чалавека, але важна, у якім накірунку яны гэта робяць. Яны павінны «не толькі інфармаваць, але і фармаваць чалавека». Сёння, дадаў арцыпастыр, патрэбны хрысціянскае кіно, хрысціянскае тэлебачанне, радыё, газеты, кнігі, каб выхоўваць чалавека на каштоўнасцях Евангелля. «Таму мы шчыра вітаем ўдзельнікаў гэтага фестывалю, які ўжо ў восьмы раз праходзіць у Беларусі. Ён патрэбны не толькі Каталіцкаму Касцёлу, Праваслаўнай Царкве, але і ўсяму нашаму грамадству. З усёй сур’ёзнасцю прыміце тое заданне, якое на вас усклаў Бог», — заклікаў Мітрапаліт удзельнікаў фестывалю.

Падчас святой імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў прызы, якія атрымаюць пераможцы VIII Фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлеперадач «Magnificat».

Пасля літургіі адбылося адкрыццё фестывалю. Было зачытана прывітанне яго ўдзельнікам упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі.

У цырымоніі адкрыцця прыняў удзел Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. «Вялікі гонар для мяне перадаць вам прывітанне і благаслаўленне ад папы Бэнэдыкта ХVI», — адзначыў Апостальскі нунцый. Арцыбіскуп Гуджэроцці прывітаў прадстаўнікоў усіх хрысціянскіх канфесій, прысутных на гэтай падзеі.

Па словах арцыбіскупа, у наш час існуе пэўная сарамлівасць з боку хрысціян выказваць сваю веру ў галіне мастацтва. З іншага боку, дадаў прадстаўнік Святога Айца, мы выразна заўважаем тэндэнцыю паказваць у кіно і па тэлебачанні горшыя бакі жыцця — здрады, забойствы і іншыя аспекты, якія ўвасабляюць жыццёвую трагедыю. Пасля ж «мы здзіўляемся, што моладзь наследуе тое, што бачыць».

Апостальскі нунцый звярнуў увагу на адрозненне ў словах «глядзець» і «бачыць». Калі слова «глядзець» апісвае таго, хто выконвае працэс, то «бачыць» — таго, хто прыкладвае да гэтага працэсу сэрца і розум. Для хрысціяніна, як падкрэсліў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, нельга глядзець без веры.

Па словах арцыбіскупа, калі веруючы стварае фільм, то не толькі для таго, каб сказаць штосьці пра хрысціянства, — гэта іншая катэгорыя, якая існуе, «каб распаўсюджваць змест уласнай веры». Калі творца фільма чалавек сапраўды веруючы, сваю веру ён выражае ў мастацтве.

«Я хацеў бы падзякаваць усім, хто арганізаваў гэты фестываль і хто паказвае праз яго, што вера не забівае мастацтва — яна ажыўляе мастацтва», — сказаў арцыбіскуп Гуджэроцці.

У 16 гадзін у мінскім касцёле свв. Сымона і Алены пачаўся прагляд фільмаў, прадстаўленых на VIII Фестываль «Magnificat». Першай працай, прапанаванай увазе гледачоў, стаў фільм «Чырвоны касцёл. Гісторыя замахаў», аўтарам сцэнарыя і рэжысёрам якога з’яўляецца Уладзімір Арлоў.

З 10 верасня фестываль працягваецца ў Глыбокім — месцы, з якога ён пачынаўся восем год таму.

Па матэрыялах сайта catholic.by

Читайте также

В Докшицком районе в ДТП пострадала пассажирка
6 декабря около 10 часов на 109-м километре автодороги Р-3 «Лагойск-Зембин-Глубокое», по предварительной информации, 39-летний водитель грузового автомобиля Jac при выезде со второстепенной дороги не уступил дорогу и совершил столкновение с автомобилем Chevrolet, движущимся по главной дороге.
В Молодечненском районе опасные участки на закруглении дорог подсыпали
В ДРСУ №195 сообщили о подсыпке опасных участков дорог. Проехали, убедились, что все в порядке.
Вратари летают, полевые игроки ложатся костьми, военные берут первые очки – мини-футбол в Молодечно достиг своего экватора
В спортивно-развлекательном центре Молодечно 1 декабря девятым туром завершился первый круг открытого чемпионата города по мини-футболу. На экваторе турнира первой финишировала вилейская «Мехатроника», а служивые воинской части МСКА набрали свои первые три очка.