Опубликовано: 25 февраля 2016, 13:44
67
Турыстычная Глыбоччына – якая яна?
У Глыбоцкім раёне ёсць свой цэнтр Еўропы, які вылічылі калісьці навукоўцы, а потым яго забралі сабе палачане. Але шматлікія мясцовыя жыхары і турысты з ахвотай наведваюць турыстычныя маршруты па цэнтры Еўропы і ідуць на паклон да Язэпа Драздовіча,
А дапамагае ім у гэтым Падсвільскі цэнтр турызму і краязнаўства Глыбоцкага раёна, які ўзначальвае Людміла Марговіч, паведамляе Радыё Рацыя.
Глыбоччына – прыгожы беларускі край. Тут нарадзілася шмат вядомых землякоў – мастак Язэп Драздовіч, заснавальнік беларускага тэатра Ігнат Буйніцкі, былы прэм’ер-міністр Беларускай Народнай Рэспублікі Вацлаў Ластоўскі, стваральнік бел-чырвона-белага сцяга Клаўдзій Дуж-Душэўскі ды іншыя.
Людміла Марговіч: У вёсцы Івесь знаходзіцца наша турыстычная база. Яна недалёка ад шашы Полацак-Менск. Гэта ехаць недзе 12 км, пасля збочыць каля Зябак – напрамак на Ушачы. Гэта прыгожы куток, там такія прыгожыя азёры. Ды і сама турыстычная база месціцца якраз на беразе возера.
РР: Ці захаваліся там гістарычныя аб’екты?
Людміла Марговіч: Канешне. Ёсць помнік загінуламу мясцоваму насельніцтву. Ёсць вёска Хралы, якая ў гады Вялікай Айчыннай вайны цалкам была спаленая. Там быў штаб партызанскага атрада. І вёска аднавілася толькі пасля вайны. Ёсць там таксама курганы IX-XI стст. На іх – каменныя крыжы: яны то вырастаюць з зямлі, то залазяць у яе. Было там некалькі экспедыцый студэнтаў з Наваполацка, якія рабілі раскопкі.
Ёсць шмат легендаў, асабліва тапанімічных. Іх шмат па Беларусі. Напрыклад, ёсць гара Царкавішча. На ёй калісьці стаяла царква, там маліліся людзі. І вось аднойчы ў моцную навальніцу гэтая царква правалілася. Так яна і знікла, але застаўся пасля яе звон, які чуюць часам людзі.
Мы распрацавалі некалькі турыстычных маршрутаў: на 8 км, 2-дзённы на 16 км. І цяпер займаемся распрацоўкай новых. Так, побач з Івессю ёсць цікавыя аб’екты, звязаныя з 17 верасня 1939 года. Гэта наша гісторыя, якую нельга выкрасліць. Ёсць шмат месцаў, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной. Акрамя ўжо узгаданай вёскі Хралы, ёсць курган партызанскай славы, месца дыслакацыі брыгады.
І яшчэ адна гісторыя, пра якую нават у прэсе шмат пісалі. У 1939 годзе было некалькі польскіх аб’ектаў Корпуса памежнай аховы. Мясцовыя жыхары расказвалі, як праходзіла аб’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі. У тую ноч Чырвоная Армія проста перайшла мяжу. Пра гэта не паінфармавалі польскіх жаўнераў, яны пачалі адстрэльвацца. І вось у адным месцы польскі афіцэр, выслаўшы ўсіх сваіх жаўнераў у Падсвілле, дзе былі асноўныя войскі, адзін пачаў адстрэльвацца. Там шмат загінула людзей, загінуў і ён. Там яго і пахавалі. Памерлі ўжо і людзі, якія таго афіцэра хавалі. Таму так і згубілася яго магіла. І вось неяк лясгас капаў каналы – знайшлі тую магілу. Вядома, польскага афіцэра перахавалі на могілках у Глыбокім. А на тым месцы, дзе яго знайшлі, цяпер стаіць памятны знак.
У нас шмат ёсць цікавых аб’ектаў. І ў ваколіцах Падсвілля, і ў ваколіцах Івесі. Там вельмі блізка да мемарыяльнага комплексу “Прарыў”, што ва Ушацкім раёне. Там радзіма Васіля Быкава. Там ёсць лясы, самае глыбокае ў Беларусі возера Доўгае, а таксама трэцяе па глыбіні возера Гінькава. Возера Шо ў нашым раёне – самае вялікае па плошчы.
РР: А што на вашай турыстычнай базе карыстаецца найбольшай папулярнасцю: рыбная лоўля, адпачынак ці гэтыя маршруты?
Людміла Марговіч: Каму што. Напрыклад, дзецям вельмі хочацца сустрэцца. Мы на канікулы сабралі 60 дзяцей, а ў іх адразу пытанне: “А калі мы наступным разам збяромся?” Івесь вельмі палюбілі рыбакі. Прыязджаюць сюды з Менска, з прадпрыемства “Крыніца”, праводзяць нават конкурсы на лепшага рыбалова.
Падсвільскі цэнтр турызму і кразнаўства распрацоўвае турыстычныя маршруты не толькі для краязнаўцаў, гісторыкаў і аматараў мінуўшчыны. Ён таксама ладзіць дзіцячыя летнікі ў самым цэнтры Еўропы, ля возера пад загадкавай назвай Шо.
Падсвільскі цэнтр турызму і кразнаўства распрацоўвае турыстычныя маршруты не толькі для краязнаўцаў, гісторыкаў і аматараў мінуўшчыны. Ён таксама ладзіць дзіцячыя летнікі ў самым цэнтры Еўропы, ля возера пад загадкавай назвай Шо.
Па матэрыялах Радыё Рацыя