Пейзажы, партрэты, нацюрморты можна ўбачыць на выставе "На творчай хвалі" ў Глыбокім (ФОТА)
Выстава, прысвечаная Году моладзі, адкрылася ў Глыбоцкім цэнтры традыцыйнай культуры і народнай творчасці 28 чэрвеня. У ёй прынялі ўдзел 16 таленавітых маладых людзей ва ўзросце да 31 года, у асноўным з творчай адукацыяй.
А першыя крокі ў сферы творчасці шматлікія з іх рабілі разам з настаўнікамі Глыбоцкай дзіцячай мастацкай школы імя Язэпа Драздовіча, паведамляе Радыё Рацыя.
Па словах дырэктара мастацкай школы Жаны Балабуевай, шмат выпускнікоў школы звязалі сваё жыццё з маляваннем, з творчасцю і дасягнулі значных поспехаў:
– Для мяне няма большай ўзнагароды, калі прыходзяць дарослыя бацькі, прыводзяць сваіх дзяцей і ўспамінаюць, як хадзілі сюды калісьці самі. Гэта вельмі прыемна. І яшчэ больш прыемна, калі людзі прафесійна займаюцца той справай, якую я дапамагла абраць ім у гэтым жыцці.
На выставе прадстаўлены працы ў розных накірунках – карціны з адлюстраванем пейзажаў, партрэтаў, нацюрмортаў. А таксама выцінанкі, вырабы з дрэва, гліны, шэрсці і бісера. Пазнаёміцца з працамі маладых творцаў у Глыбоцкім цэнтры традыцыйнай культуры можна будзе з 9 да 18 гадзінаў на працягу месяца.
Паводле Радыё Рацыя