Глыбоцкі майстар Віктар Дудкевіч зрабіў арыгінальную саколку (фота)
Малюнак на ёй выкананы метадам набіванкі і стылізаваны пад беларускую літару Ў.
Пра гэта 31 ліпеня паведамляюць "Весткі".
"Зараз у модзе саколкі з беларускім арнаментам, а я зрабіў сваю аўтарскую працу," – кажа майстар. На малюнку мужчынскі і жаночы сімвалы зліваюцца ў адзін – сімвал ачышчальнага нябеснага агню. Дыякрытычны знак над літарай Ў зроблены ў выглядзе ўсмешкі з аўтографам мастака.
Набіванкай Віктар Дудкевіч заняўся каля года таму, а вывучаць сімволіку на беларускіх арнаментах ён стаў значна раней, як толькі пачаў працаваць у Глыбоцкім Доме рамёстваў.
Майстар таксама зрабіў некалькі хустачак, у афармленні якіх выкарыстаныя віцебскія ўзоры.
Паводле "Вестак"