Даследчык з Глыбокага стаў адным з аўтараў дапаможнікаў па эка- і агратурызму
Прэзентацыя адбылася 31 кастрычніка ў ЕГУ.
Прэзентацыю дапаможнікаў «Бізнес у агра- і экатурызму» і «17 стратэгіяў развіцця турысцкіх дэстынацыяў у Гродзенскай і Брэсцкай абласцях» правёў выхадзец з Глыбокага Аляксандр Тарасенак, адзін з аўтараў дапаможнікаў, паведамляюць Весткі.
Глыбачанін цяпер жыве ў Мінску і працуе дарадцам у рамках праекта USAID «Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё», які рэалізуецца ПРААН.
Аналагаў дапаможніка «Бізнес у агра- і экатурызму» няма ў краінах СНД. Змест яго ахоплівае шэраг модуляў, аб'яднаных у тэматычныя блокі «Устойлівы турызм і аграэкатурызм», «Эканоміка і фінансы», «Менеджмент» і «Маркетынг».
Дапаможнік падрыхтаваны аўтарамі, якія маюць багаты практычны вопыт і даследчы аўтарытэт у сваіх галінах; уключае аб'ёмныя практычныя кейсы і задачы, распрацаваныя для кожнага тэматычнага блока экспертамі праекта.
17 аб'ёмных брашураў «Стратэгіі развіцця турысцкіх дэстынацыяў у Гродзенскай і Брэсцкай абласцях» распрацаваны мясцовымі ініцыятыўнымі групамі пры падтрымцы праекта і з дапамогай экспертаў.
Дапаможнік і стратэгіі падрыхтаваны ў рамках праекта Амерыканскага агенцтва па міжнародным развіцці USAID «Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё», які рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у Беларусі.
Агульнай мэтай праекта з'яўляецца павышэнне ролі прыватнага сектара ў эканоміцы Брэсцкай і Гродзенскай абласцей і ў турысцкім сектары Рэспублікі Беларусь.
Паводле Вестак