Опубликовано: 21 декабря 2016, 17:22
52

Амаль усе вядомыя беларускія арганісты прыехалі на фестываль у Паставы. Магчыма, ён пашырыцца і на Глыбокае

Фестываль арганнай музыкі «Гучаць старадаўнія арганы Пастаўшчыны», арганізатарам якога з'яўляецца былы намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі, прайшоў у Паставах. Зацікаўленасць у правядзенні мерапрыемстваў фестывалю выказала Глыбокае.

«Правядзенне фестывалю арганнай музыкі на Пастаўшчыне стала яшчэ адной добрай традыцыяй», – адзначыў падчас закрыцця IV музычнага фестывалю «Гучаць старадаўнія арганы Пастаўшчыны» яго аўтар, ураджэнец Пастаўскага раёна, былы намеснік міністра культуры Беларусі, а цяпер намеснік старшыні Беларускага фонда культуры Тадэвуш Стружэцкі, піша сайт catholic.by.

Вядомы беларускі арганіст і саліст Белдзяржфілармоніі – пра пастаўскі фестываль

Фестываль праходзіў 10 і 11 снежня і быў арганізаваны Пастаўскім дэканатам Віцебскай дыяцэзіі сумесна з мясцовым райвыканкамам і Беларускім фондам культуры. За час яго правядзення ў канцэртах на Пастаўшчыне прынялі ўдзел практычна ўсе вядомыя беларускія арганісты.

Сёлета канцэрты адбыліся ў двух касцёлах – у Паставах і Камаях. Удзельнікам фестывалю другі год запар быў і Віктар Кісцень, журналіст канала «Культура» Беларускага радыё і арганіст касцёла Найсвяцейшай Тройцы і св. Роха ў Мінску (Залатая Горка).

Летась ён выступаў з праграмай камернай музыкі. Гэтым разам арганіст разам з Тамарай Рэмез, салісткай Белдзяржфілармоніі, прадставілі музычна-літаратурную кампазіцыю «Ave Maria», у час якой гучалі духоўныя вершы ў выкананні дыктара замежнай рэдакцыі «Радыё Беларусь» Маргарыты Зазарыя і музычныя творы, прысвечаныя Святой Дзеве Марыі.

«Кожны арган унікальны. Таму адна і тая ж праграма будзе гучаць у кожным касцёле па-іншаму», – лічыць музыка.

Адметнасць кожнага аргана адзначыў і вядомы выканаўца Канстанцін Шараў, саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Маэстра, які гэтым разам прадставіў канцэртныя праграмы ў двух касцёлах – у Камаях і Паставах. Ён думае, што «арганы, як людзі, – кожны па-свойму адметны». У размове маэстра таксама падняў пытанне неабходнасці лячэння арганаў у касцёлах, гэта значыць прафесійнага догляду за імі.

А што думаюць пастаўчане?

Мясцовыя жыхары добра ведаюць пра гэты фестываль, таму і ахвотна наведваюць канцэрты. Прычым гэта не толькі вернікі, якія, дарэчы, масава заставаліся на канцэрты пасля святых імшаў. Дзверы касцёлаў былі адчыненыя для ўсіх, а канцэрты былі бясплатнымі.

Людміла Пліс, мясцовая жыхарка, адмыслова прыйшла паслухаць канцэрт на аргане ў пастаўскім касцёле. Жанчына адзначыла высокі ўзровень выканання музыкаў, эмацыйна адзначыўшы, што яна «проста ў захапленні». Людміла расказала, што любіць слухаць арган і часта бывае ў Мінску на канцэртах арганнай музыкі.

Жанчына адзначыла, што фестываль у Паставах – добрая нагода, каб паслухаць у прафесійным выкананні канцэрт арганнай музыкі на месцы.

Фестываль можа пашырыцца

Тадэвуш Стружэцкі, арганізатар і аўтар праекта, у каментарыі для сatholic.by распавёў пра перспектывы фестывалю, адзначыўшы, што месца для правядзення канцэрта арганнай музыкі абрана невыпадкова – з Пастаўшчыны паходзіць ён сам.

«Як прафесійны музыкант я бачыў добрыя ўмовы для правядзення фестывалю падобнага фармату. У касцёлах Пастаўскага дэканату ёсць чатыры арганы ў працоўным стане, чым можа пахваліцца не кожная мясцовасць. На працягу 25 гадоў у Паставах праводзіцца фестываль «Звіняць цымбалы і гармонік», падчас яго склалася традыцыя правядзення шэрагу канцэртаў у касцёле, у тым ліку арганнай музыкі. У выніку некалькі гадоў таму ўзнікла ідэя правядзення фестывалю менавіта арганнай музыкі, бо тут была і падрыхтаваная аўдыторыя, і зацікаўленасць мясцовага духавенства», – расказаў Стружэцкі.

«Арган можа і павінен выкарыстоўвацца і як канцэртны інструмент», – дадаў Тадэвуш Стружэцкі, адзначыўшы, што ў планах – пашырэнне геаграфіі фестывалю.

Зацікаўленасць правядзеннем мерапрыемстваў фестывалю выказаў кіраўнік Віцебскай дыяцэзіі Каталіцкага Касцёла на Беларусі біскуп Алег Буткевіч, а таксама парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім.

Читайте также

Владимир Яцынович: "Я аплодирую вам!" Молодечненской детской школе искусств 75 лет
22 ноября прошли торжественные мероприятия по случаю 75-летнего юбилея Молодечненской детской школы искусств.
ДТП в Лидском районе: четверо погибших
Сегодня, 23 ноября, около 15 часов на автодороге М6 «Минск-Гродно» в Лидском районе вблизи деревни Бискупцы водитель автомобиля Opel при движении со стороны Минска в сторону Гродно, по предварительной информации, не справился с управлением и совершил наезд на дорожное ограждение.
«В качестве безграничной благодарности…» Футбольный клуб «Молодечно» бесплатно свозит болельщиков в Островец на финальный матч сезона-2024
Футбольный клуб «Молодечно» объявил о том, что организует бесплатную поездку своих болельщиков из Молодечно в Островец на свою финальную игру сезона-2024 с местной командой города атомных энергетиков.