Зробяць набярэжную і акультураць востраў да 600-годдзя ў Глыбокім (ФОТА)
Зараз на востраве выразаюць дрэвы і кусты.
Юбілей Глыбокага будзе адзначацца 3 ліпеня гэтага года. Менавіта ў гэты дзень у 1944 годзе горад быў вызвалены савецкімі войскамі, паведамляюць Весткі.
Пры падрыхтоўцы да Дня беларускага пісьменства, які прайшоў у Глыбокім у 2012 годзе, набярэжная была зроблена вакол возера Кагальнае ў цэнтры горада. Зараз плануецца яе зрабіць уздоўж возера Беразвецкае, самага вялікага з пяці азёр, што знаходзяцца ў межах Глыбокага. Праца ў гэтым накірунку ўжо пачалася.
Таксама плануецца зрабіць зону адпачынку на адзіным востраве, які ёсць на глыбоцкіх азёрах. Да яго будзе зроблены пешаходны мост. Зараз на востраве выразаюць і паляць дрэвы і кусты.
Пра тое, як рыхтуецца Глыбокае да свята, можна прачытаць у спецыяльнай рубрыцы Край.бай.
Паводле Вестак