Святарскае пасвячэнне ў Глыбокім
23 мая ў касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім адбудзецца святая Імша, падчас якой біскуп Віцебскі Алег Буткевіч удзеліць сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату дыяканам Яўгену Шымановічу і Іллю Саўчанку МІС, паведамляе сatholicnews.by.
Дыякан Яўген Шымановіч нарадзіўся 8 студзеня 1991 года. Паходзіць з парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса i святога Андрэя Баболі ў Мінойтах (Лідскі дэканат, Гродзенская дыяцэзія).
Працаваў праграмістам, прайшоў курс навучання ў Мінскім тэалагічным каледжы імя святога Яна Хрысціцеля. Вучыўся ў філасофска-тэалагічнай акадэміі Бэнэдыкта XVI у Хайлігенкройцы (Аўстрыя), там жа прайшоў фармацыю ў духоўнай семінарыі, належыць да супольнасці «Сям’я Бога Айца» ў Аўстрыі. 7 снежня 2019 года ў Глыбокім прыняў дыяканскае пасвячэнне. Душпастырскую практыку праходзіў у Глыбоцкай парафіі. Як святар будзе несці служэнне ў Віцебскай дыяцэзіі.
Дыякан Ілля Саўчанка МІС нарадзіўся 19 чэрвеня 1991 года. Паходзіць з парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім (Віцебская дыяцэзія).
13 кастрычніка 2018 года на Гары Кальварыі на Марыянках (Польшча) у санктуарыі святога Станіслава Папчынскага брат Ілля прынёс вечныя абяцанні ў кангрэгацыі ксяндзоў марыянаў. 8 чэрвеня 2019 года ў санктуарыі Маці Божай Ліхэньскай у Ліхэні (Польшча) з рук біскупа Алега Буткевіча прыняў дыяканскае пасвячэнне. Як святар будзе несці служэнне ў кангрэгацыі ксяндзоў марыянаў.