У Браславе выбралі свайго Містэра-2013 (ФОТА)
Удзельнікі праграмы ў розных конкурсах дэманстравалі свае таленты.
Край.бай анансаваў мерапрыемства. З шасці маладых браслаўчан: Аляксандра Яроцкага, Улада Мацешы, Яўгена Пятровіча, Дзмітрыя Максімава, Анатоля Умпіровіча і Паўла Мацкевіча ў мінулую нядзелю, 10 сакавіка, трэба было выбраць “Містэра Браслава – 2013”. Аб гэтым паведамляе “Браслаўская звязда”.
Мерапрыемства сабрала розных па ўзросце і прафесіі людзей. У прыватнасці, Улад Мацеша – самы малады, цяпер працуе ў Доме культуры, вучыцца на рэжысёра. Марыць стаць, па яго ўласным прызнанні, прафесіянальным спеваком. Увесь свой вольны час прысвячае спорту і тром коткам.
Аляксандр Яроцкі працуе ў райаддзеле па надзвычайных сітуацыях. У дзяўчатах ён цэніць вернасць. А прыйшоў у шоу “Містэр Браслава”, бо жадае сабе і іншым даказаць, што гатовы не толькі ў агонь і ваду, але і на сцэну.
Анатоль Умпіровіч пры росце 201 см і вазе 105 кг вельмі ранімы і спагадлівы чалавек. У СШ №1 працуе настаўнікам фізічнай культуры. У іншым амплуа сябе не бачыць. Любіць смачна паесці і сярод дзяўчат аддае перавагу тым, хто добра гатуе. Марыць адпачыць з каханай у Дубаі і пагуляць з шэйхам у гольф.
Дзмітрый Максімаў пры сваёй вазе ў 120 кг вельмі любіць танцы. Яго сэнс жыцця – спорт, спорт і яшчэ раз спорт.
Для Паўла Мацкевіча прызванне – абараняць мяжу. Ён умее цаніць дружбу і лічыць, што сапраўдных сяброў павінна быць не 20 – 30, а 1 – 2.
Яўген Пятровіч у СШ №1 працуе настаўнікам інфарматыкі, захапляецца спортам, бодзібілдынгам, армрэслінгам. Мае адну шкодную звычку – хуткую язду на аўтамабілі.
У конкурсах гледачы мелі магчымасць даведацца пра ўдзельнікаў шоу-праграмы больш падрабязна і вызначыць разам з журы, якое ўзначальваў старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў, хто дастойны звання “Містэр Браслава”.
У прадстаўленні любімага персанажу з вядомага кінафільма спатрэбіўся не толькі паказ яго ролі, але і дэманстрацыя выразнага мыслення ў неардынарных сітуацыях. Прайшлі конкурсы “Спартыўны”, “Джунглі” і, вядома ж,”Лазня”. Падалося, што шоу-праграма яшчэ раз пацвердзіла, што маладое пакаленне выбірае спорт і здаровы лад жыцця.
“Містэрам Браслава – 2013” стаў Аляксандр Яроцкі. Выканаўчыя і творчыя таленты Улада Мацешы журы ацаніла ў намінацыі “Малады талент”. “Містэрам спорту” назвалі Яўгена Пятровіча, “Містэрам абаянне” – Дзмітрыя Максімава, “Містэрам крэатыў” – Анатоля Умпіровіча і “Містэрам стыль” – Паўла Мацкевіча.
Усім ім уручыў падарункі і дыпломы старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў.
Па матэрыялах “Браслаўскай звязды”