У Браславе ўпершыню арганізуюць конкурс вадзіцельскага майстэрства сярод жанчын
Конкурс “Аўталедзі Браслаўшчыны – 2014” пройдзе 1 чэрвеня.
Як піша “Браслаўская звязда”, конкурс стане яшчэ адной адметнай рысай міжнароднага свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы – 2014”. Яго мэта – павышэнне ўзроўню бяспекі на дарогах, прапаганда Правілаў дарожнага руху, фарміраванне станоўчага іміджу жанчыны за рулём.
Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца дзяўчаты ва ўзросце да 31 года, якія маюць вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі “В”, уласны аўтамабіль і актыўную жыццёвую пазіцыю.
Арганізатары, якімі з’яўляюцца райкам БРСМ, раённая структура ДТСААФ, РАУС і аддзел адукацыі, спорту і турызму Браслаўскага райвыканкама, абяцаюць насычаную і цікавую праграму. Сярод іспытаў запланаваны фігурнае ваджэнне вучэбнага аўтамабіля (паркоўка, разварот, уезд у гараж заднім ходам, змейка і іншае), стральба з пнеўматычнага пісталета па паветраных шарыках, дэфіле на ўласных упрыгожаных аўтамабілях і тэарэтычны этап, накіраваны на праверку ведаў удзельніцамі конкурсу ПДР.
Асноўныя мерапрыемствы ў межах конкурсу пройдуць на вучэбнай пляцоўцы, што на вуліцы Булойчыка. Пераможніцы атрымаюць каштоўныя прызы. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне 6-29-74.
Паводле “Браслаўскай звязды”