У вёсцы Замошша пад Браславам ужо адсвяткавалі Купалле (ФОТА)
У вёсцы Замошша Браслаўскага раёна ля возера мясцовыя жыхары 30 чэрвеня зладзілі традыцыйнае беларускае свята Купалле. Арганізавалі яго супрацоўніца Ахрэмаўскага Дома культуры Вольга Букіс і кіраўнік браслаўскай суполкі народных танцаў «Дзыньдзік» Галляш Сілява.
На пачатку свята юнак расказаў усім прысутным пра паходжанне абрада, і прапанаваў прайсці праз браму, дзе кожны ўдзельнік абмыў твар, каб усё кепскае, што накапілася за год, сышло. Тады маладыя і старыя (сабралася амаль 60 чалавек) вадзілі разам карагод, спявалі купальскія песні, танчылі пад дуду «Лявоніху» і пагулялі ў «Цяцерку».
Усіх пачаставалі крупнікам (рытуальны напой) і праснакамі, а напрыканцы ўсе парамі паскакалі праз вогнішча. Дзяўчаты ж пусцілі па возеры вянкі са знічкамі, каб даведацца ці з'явіцца ў іх сёлета кавалер.
Галляш СІЛЯВА