У Браслаўскім музеі можна было ўбачыць старыя фотаздымкі літоўскіх музыкаў (ФОТА)
Браслаўскі музей традыцыйнай культуры прэзентаваў фотавыставу і выставу, прысвечаную музычным інструментам.
31 сакавіка музей традыцыйнай культуры прэзентаваў фотавыставу “Музыканты Селонскага краю” – гэта некалькі дзясяткаў старых фотаздымкаў музыкантаў Літвы канца 19 – пач. 20 ст. Адначасова з фотавыставай былі выстаўлены музычныя інструменты з фондаў Браслаўскага музейнага аб’яднання, паведамляе партал braslav-star.by.
На выставе прысутнічалі ўдзельнікі міжнароднага этнамузычнага лагера, які гэтымі днямі праходзіць у Браславе.
Перад прысутнымі выступіў пастаўскі фальклорны ансамбль “Паазер’е” пад кіраўніцтвам Анатоля Собаля. Прагучала шмат беларускіх народных мелодый, выкананых на гармоніку, скрыпцы, цымбалах, і бубне: “Гармошачка”, “Сустрэча”, “Літоўскі вальс», “Груздаўская кадрыль” і інш. Што прыемна, бубнач гурта «Паазер’е» родам з Браслаўшчыны (в.Луні).
Некалькі прыгожых мелодый выканалі ўдзельнікі этнамузычнага лагера, у тым ліку прыдуманы за некалькі дзён свой уласны «літоўска-латгальска-відзаўскі» вальс.
Гінтарас Андрыяўскас – адзін з аўтараў выставы – расказаў пра падабенства беларускіх і літоўскіх музычных інструментаў, а загадчыца музея Элеанора Зінкевіч распавяла пра браслаўскую калекцыю музычных інструментаў, што збіраецца яшчэ з пачатку 90-х гадоў і ўжо экспанавалася на выставах у іншых гарадах.